СК — пра ператрусы ў НДА і СМІ: яны датычныя да ценявога фінансавання пратэстаў

СК — пра ператрусы ў НДА і СМІ: яны датычныя да ценявога фінансавання пратэстаў

Крымінальныя справы на праваабаронцаў "Вясны" звязаныя з пратэснай дзейнасцю. Пра гэта заявіў агенцтву БЕЛТА начальнік Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Уладзімір Шышко.

Масавыя ператрусы ў офісах грамадскіх арганізацый і дома ў актывістаў і журналістаў ідуць штодня з 14 ліпеня. Актывісты "Вясны" былі затрыманыя 14 ліпеня, на некалькіх з іх пачалі крымінальныя справы. 

Па словах Шышко, следчыя атрымалі дакладную інфармацыю пра датычнасць актывістаў НДА і журналістаў "да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, якія ў першую чаргу паступаюць з-за мяжы, нявыплаты падаткаў і фінансавання рознага роду пратэснай актыўнасці насельніцтва Беларусі".

Ён удакладніў, што маецца на ўвазе ў тым ліку і аплата штрафаў для пратэстоўцаў: "Мы вядзем гаворку аб дзейнасці па зборы асоб у канкрэтных месцах для здзяйснення групавых супрацьпраўных дзеянняў, аплаце адміністрацыйных спагнанняў, накладзеных за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах, арганізацыі і правядзенні семінараў па пытаннях процідзеяння праваахоўным органам і іншае".

Прадстаўнік СК завіў, быццам ператрусы пацвердзілі датычнасць актывістаў і шэрагу арганізацый да незаконнай дзейнасці. 

Згадаў Шышко і справу медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, які ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца за кратамі. Яго вінавацяць у фінансаванні пратэстаў: Аляксандраў дапамагаў аплочваць штрафы пратэстоўцам. Грошы перадавалі прадстаўнікі фондаз BY_help і BYSOL. Следства выявіла, маўляў, не менш за 700 фактаў такой аплаты. Гэтая дзейнасць, па словах Шышко, была скіраваная "на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, а менавіта асноўным нацыянальным інтарэсам краіны ў палітычнай сферы".

Чамусьці да ўсяго гэтага прыплялі і журналіста Радыё "Свабода" Валянціна Жданко. Ператрус у яго прайшоў сёння, 16 ліпеня. Прадстаўнік СК паведаміў, што з 2017 па 2020 год Жданко атрымаў ганарары за журналісцкую дзейнасць у памеры больш за 230 тысяч долараў. Як вынікае з дакументаў, апублікаваных у праўладных ТГ-каналах, гэтыя грошы былі выплачаныя афіцыйна, залічнаыя на рахунак у банку — гэта значыць, з іх выплачаныя падаткі. Якім чынам афіцыйна выплачаныя ганарары з'яўляюцца ценявым рухам фінансаў, у СК патлумачыць не парупіліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі