СК: У ізалятары Ігара Пцічкіна не збівалі, ён памёр ад спынення сэрца

21-гадовы мінчанін Ігар Пцічкін памёр у сталічным СІЗА на вуліцы Валадарскага ад вострай сардэчнай недастатковасці, выкліканай адменай псіхатропаў, а не ад ужывання фізічнай сілы.

"На жаль, мы не маем права называць дыягназ, бо ёсць пэўныя нарматыўныя дакументы, у тым ліку медыцынская таямніца. Але сімптаматыку я вам магу апісаць: востры псіхічны разлад, парушэнне водна-салявога абмену, фізічнае спусташэнне. Усё гэта прывяло да вострай сардэчнай недастатковасці", — паведамляе афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Ужыванне фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў ізалятара не знайшлі, але следства працягваецца, падкрэсліла яна.

У мінскім СІЗА №1 пры няясных акалічнасцях сканаў 21-гадовы хлопец (фота)

Між тым, цела Ігара Пцічкіна на фотаздымках, якія выклалі ў інтэрнэт яго сваякі, бачныя сінякі і крывападцёкі. Аднак па інфармацыі СК, гэта сляды ад рамянёў, якімі фіксавалі цела.

"Шэраг крывападцёкаў, і гэта ёсць у заключэнні экспертаў, ёсць там, дзе фіксаваліся рамяні ў патрэбным становішчы ў гэты востры момант адмены (псіхатропаў — Еўрарадыё). Мы аглядалі, дзе мацаваліся рамяні ў ізалятары.Там гэта лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не адносяцца да прычынаў смерці. А смерць наступіла ад сімптомаў, якія прывялі да вострай сардэчнай недастатковасці".

Следчы камітэт мае доказы, што Ігар Пцічкін сістэматычна ўжываў курыльныя сумесі, якія ўтрымліваюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, на працягу 2011—2013 гг. Таксама з матэрыялаў справы вядома, што мінчанін 5 разоў кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, гэта зафіксавана ў базе правапарушэнняў.

"Варта адзначыць, што следчымі дапытаныя асобы, якія так ці інакш бачылі, сутыкаліся і нават чулі аб памерлым у СІЗА. Так, дапытаныя не толькі тыя, хто знаходзіўся разам з ім, але і асобы, якія знаходзіліся ў суседніх камерах. За ўвесь час знаходжання ў СІЗА ў сувязі з яго псіхічным станам ён змяніў 3 камеры. Усе асобы, у тым ліку канваіры, былі дапытаныя".

Праз некалькі дзён, праведзеных у СІЗА, у Пцічкіна пачаўся псіхічны разлад, галюцынацыі, трызненне, манія пераследу. Ён адмаўляўся ад ежы і вады, праз што яго перавялі у медчастку ізалятара, кажуць у СК.

"Праводзілася эксгумацыя цела. І яна пацвердзіла агучаныя вынікі. Але следства працягваецца. З улікам атрыманых дадзеных паўторна прызначаная судова-медыцынская, судова-псіхічная і судова-лекарская экспертыза. Фактаў цялесных пашкоджанняў следства не ўгледзела, але сфармуляванае пытанне, наколькі кваліфікавана і правільна была аказаная медыцынская дапамога ўжо пасля пераводу ў медчастку".

Нагадаем, у СІЗА на Валадарскага хлопец мусіў адбыць трохмесячны арышт за нецвярозае кіраванне аўтамабілем. Адбываць пакаранне ён прыйшоў сам. А праз 3 дні раптоўна памёр за кратамі. Пасля пахавання родныя дамагліся эксгумацыі, якую правялі 4 снежня, і дадатковых экспертызаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі