Скрабец збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года
Бюро аргкамітэту па стварэнні Партыі свабоды вырашыла вылучыць свайго старшыню Сяргея Скрабца кандыдатам на прэзідэнцкія выбары 2020 года.
У каментары Радыё "Свабода" палітык патлумачыў такое рашэнне адсутнасцю адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. "Думаю, што праз тры гады Аляксандра Лукашэнкі ўжо не будзе ў ліку прэтэндэнтаў. Таму гатовы пазмагацца за пасаду з Гайдукевічам, старэйшым ці малодшым", — дадаў Скрабец.
Як вядома, раней пра сваё жаданне ўдзельнічаць у наступнай прэзідэнцкай кампаніі выказваў Алег Гайдукевіч — намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Раней палітык двойчы спрабаваў удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі. У 2001 годзе Цэнтрвыбаркам прызнаў сапраўднымі толькі 37 тысяч подпісаў, аддадзеных за яго вылучэнне (неабходны мінімум — 100 тысяч). У 2006 годзе яго ініцыятыўную групу нават не зарэгістравалі, бо Скрабец на той час знаходзіўся ў турме.