Следчы камітэт: Кіраўнікі РЭП мелі рахунак у банку Літвы, вазілі грошы праз мяжу
Кіраўнікі прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік адкрылі рахунак у банку Літвы і адтуль перавозілі грошы ў Беларусь невялікімі сумамі. Перавозкай займаліся трэція асобы, якія пасля перасячэння мяжы аддавалі грошы Комліку. Такім чынам, кіраўніцтва РЭП ухілялася ад падаткаў.
"Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску выставіла канчатковае абвінавачанне старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу, а таксама галоўнаму бухгалтару дадзенага аб'яднання Ігару Комлік ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры)", — паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэт Сяргей Кабаковіч.
Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, усе гэтыя дзеянні адбываліся ў 2011 годзе.
Як паведамляла Еўрарадыё, па звестках следства, за 2011 год прафсаюз РЭП не даплаціў падаткаў амаль на 23 тысячы рублёў (з улікам дэнамінацыі).
Па словах Кабаковіча, у матэрыялах справы ёсць звесткі пра супрацьпраўную дзейнасць Фядыніча і Комліка аж да 2017 года. Па іх вядзецца дадатковая праверка, у тым ліку — каб высветліць суму ўхілення ад падаткаў. Таксама, кажа Кабаковіч, ёсць дакументы пра нямэтавае выкарыстанне грошай, атрыманых ад замежных партнёраў.
Дарэчы, па той самай схеме ў 2011 годзе быў затрыманы і пазней асуджаны праваабаронца Алесь Бяляцкі. Праваабаронцы "Вясны" таксама мелі рахунак у літоўскім банку.