Следства па справе аб смяротным сутыкненні раварыста і пешахода спыненае

Следства па справе аб смяротным сутыкненні раварыста і пешахода спыненае

Еўрарадыё стаў вядомы лёс гучнай крымінальнай справы, калі ў Гродне пешаход памёр пасля сутыкнення з раварыстам.

Нагадаем, што ў сярэдзіне чэрвеня на мосце праз раку Нёман прафесійны 16-гадовы шашэйнік Яраслаў Хільмановіч сутыкнуўся з пажылым мужчынам, які перабягаў дарогу ў недазволеным месцы. Пасля сутыкнення пешаход паваліўся, стукнуўся галавой аб бардзюр. А праз тыдзень памёр у бальніцы.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за парушэнне правілаў, якія пацягнулі смерць чалавека. У здзяйсненні злачынства падазравалі 16-гадовага спартсмена. Якія менавіта правілы мог парушыць раварыст, тады не паведамлялася.

“Па дадзенай крымінальнай справе праведзены вычарпальны пералік следчых дзеянняў, у тым ліку допыты сведак. Праведзены следчы эксперымент. Атрыманыя заключэнні шэрагу экспертыз, у тым ліку аўтатэхнічнай. Паводле заключэння эксперта, раварыст не меў магчымасці спыніць наезд на пешахода. На падставе ўсіх атрыманых следствам дадзеных прынятае рашэнне аб спыненні папярэдняга расследавання ў дачыненні да дадзенай асобы (Яраслава Хільмановіча, — Еўрарадыё)”, — паведамляе афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

Эксперт не пацвердзіў падазрэнні, што ў момант здарэння Хільмановіч мог здзяйсняць абгон. Сведкі трагедыі, як кажуць праваахоўнікі, таксама расказалі, што спартсмен не парушаў правілаў.

Следства па справе аб смяротным сутыкненні раварыста і пешахода спыненае

Мужчына саліднага ўзросту перабягаў дарогу ў чатыры рады… На запісе бачна, што на мужчыну наязджаў бус. І ён, каб не трапіць пад той бус, скокнуў наперад прама пад колы Яраслава.

Сяргей Іваноў

Як адбылося здарэнне

Пра гэта вядома са словаў трэнера Сяргея Іванова. Спецыяліст на легкавіку суправаджаў Хільмановіча падчас пераезду з адной трэніровачнай базы на іншую. Іваноў лічыць, што яго вучань правілы не парушаў: на шашэйным ровары спартсмен мог ехаць па шашы і ніяк не мог па тратуары. Трэнер непасрэднага сутыкнення спартсмена і пешахода не бачыў, бо вучань адарваўся ад яго на светлафоры.

“У момант здарэння ззаду ехала машына з відэарэгістратарам. Я праглядзеў відэазапіс. Вучань ехаў нармальна. Мужчына саліднага ўзросту перабягаў дарогу ў чатыры рады. Яраслаў сказаў, што бачыў яго, прытармазіў, крыкнуў яму, каб той стаяў. Мужчына практычна спыніўся. Але на запісе бачна, што на мужчыну наязджаў бус. І ён, каб не трапіць пад той бус, скокнуў наперад прама пад колы Яраслава”, — распавёў Еўрарадыё Сяргей Іваноў пасля здарэння.

 

Ці могуць прафесійныя раварысты ездзіць па шашы так, як ім хочацца?

Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці рэгламентаваныя ў Беларусі нейкім чынам трэніроўкі раварыстаў-прафесіяналаў.

Як з адной базы на іншую мог перамяшчацца Яраслаў Хільмановіч: перад спецмашынай альбо ззаду яе? Ці мог спартсмен адрывацца ад легкавіка трэнера на светлафоры?

У ДАІ Беларусі спасылаюцца толькі на Правілы дарожнага руху, дзе ні слова не сказана пра трэніроўкі раварыстаў-прафесіяналаў.

У паперы за подпісам першага намесніка міністра спорту Аляксандра Гагіева пацвярджаецца, што асноўны закон, які рэгулюе рух веласіпедыстаў, — ПДР. Разам з тым ведамства паведамляе пра існаванне (увага!) “Прыкладнай формы інструкцыі па тэхніцы бяспекі навучэнцаў і трэнераў арганізацый фізічнай культуры і спорту пры правядзенні спаборніцтваў і заняткаў па веласіпедным спорце” за 2013 год.

Следства па справе аб смяротным сутыкненні раварыста і пешахода спыненае

Знайсці названы нарматыўны акт у інтэрнэце не атрымліваецца. Ды і незвычайная фармулёўка “Прыкладная форма інструкцыі” здзіўляе.

Дакумент маецца ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па веласіпедным спорце. У нарматыўным акце нічога не сказана пра тое, як раварыст-шашэйнік павінен пераязджаць з адной базы на іншую.

У пункце 27 главы 5, дзе прапісаныя нюансы арганізацыі заняткаў на шашы, сказана, што трэніравацца без аўтамабіля суправаджэння забаронена. Дзе машына павінна ехаць, спераду ці ззаду, не тлумачыцца. Ці можа веласіпедыст адарвацца ад спецмашыны на светлафоры — пра гэта няма ні слова.

Нарматыўны акт усё ж, як падалося Еўрарадыё, не выглядае дасканалай інструкцыяй. Звярнуў на гэта ўвагу і Следчы камітэт, які высвятляў прычыны і ўмовы гродзенскай трагедыі. Следчыя ўбачылі праблему нарматыўнага рэгулявання трэніровачнага працэсу. На гэты конт зацікаўленым арганізацыям будзе разасланае прадстаўленне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі