СЛОТ: «Мінск даў нам адчуць сябе The Beatles»

У дзень мінскага канцэрту ў межах тура “Тринити” вакалісты маскоўскага гурта СЛОТ сустрэліся з журналістам Еўрарадыё Змітром Траўчуком у грымёрцы клуба “Рэактар”. Пра тое, чаму Кэш і Нукі не ядуць “бульбу”, чаму Ніцшэ і Фрэйд – сапраўдныя флудары, а таксама што галоўнае для музыкі-пачаткоўца чытайце далей!
“Сляпы, Глухі і Нямы”. Абыякавасць – як галоўная загана чалавецтва

Зміцер Траўчук, Еўрарадыё:
Калі паслухаць загалоўную песню апошняга альбома “Тринити”, атрымліваецца нейкая блытаніна. Як належыць успрымаць назву тура: як “тры ніткі”, ангельскі тэрмін “trinity” або як у тэксце песні: «Сляпы, Глухі, Нямы»?

Кэш, вакаліст СЛОТ: Ну наогул хацелася б, каб гэта ўспрымалі як «троіцу»: Сляпы, Глухі і Нямы. Гэта перш за ўсё канцэнтрацыя абыякавасці.

ЕРБ: Гэта значыць, СЛОТ супраць абыякавасці?

Кэш: Гэта "жэсть". Я, вядома, супраць абыякавасці. Але яно існуе, гэта факт!

ЕРБ: Але вось СЛОТ жа ездзіць з канцэртамі, запісвае ў студыі новыя песні – гэта ўжо не абыякавасць?

Кэш: Гэта ўсё, вядома, ёсць. Але бываюць сітуацыі, калі я магу прайсці міма: гэта значыць выявіць абыякавасць… Вось такая "жэсць".

Нукі, вакалістка СЛОТ: Калі карацей, то абыякавасць – гэта такая рэч, якая прысутнічае ў жыцці кожнага, у большай або ў меншай ступені. Вельмі мала хто будзе біць сябе пяткай у грудзі і казаць: «Ды я! Я заўсёды!» Гэта, на жаль, не рэальна ў сучасным свеце, але гэта ёсць. На жаль.

Кэш: У нас у Маскве стаіць выдатны помнік «13 заган» Шамякіна. І галоўная, цэнтральная загана там – абыякавасць…

ЕРБ: Вось у мяне была сітуацыя ў жыцці, калі мяне вельмі моцна збілі недалёка ад хаты. Дык я ляжаў так прыгожа ў снезе і пляваўся крывёй. А людзі проста праходзілі міма. Ніхто не падышоў і не прапанаваў дапамогі. Вы б прайшлі міма?

Кэш: Ды бог яго ведае!

Беларускі тэхнік гурта СЛОТ: Затое шчыра…

Нукі: Тут трэба размежаваць паняцці: калі гэта які-небудзь бомж, у якога такі стыль жыцця, тады спыняцца не мае сэнсу. А калі гэта які-небудзь «малады чамадан», які трапіў у бяду – то чаму б і не дапамагчы?! Мы жа людзі ўсё ж такі!

Кэш: Я трохі не ясна выказаўся: магчымая проста такая сітуацыя, калі я мінуў бы. Дакладна проста не магу сказаць, што я па-любому скокнуў бы і дапамог – гэта будзе несумленна. Хутчэй за ўсё, я проста не стаў бы затлумляцца і разбірацца, хто гэта ляжыць: бомж альбо не.

Нукі: Насамрэч у Маскве гэтага так шмат, што пачынаеш прывыкаць праходзіць міма, нават не задумваючыся.

Кэш: У любым выпадку, калі ёсць магчымасць дапамагчы, то мы імкнемся гэта рабіць. Наколькі можна. Вось нядаўна мы гралі бясплатны канцэрт у дапамогу хлопцам, якіх вельмі сур'ёзна збіла нейкая гапата ў электрычцы. Мы дапамагаем так, як можам.

Нукі: Або калі які-небудзь малады перспектыўны гурт тыкаецца ўсюды, але нічога не атрымліваецца: чаму б СЛОТу не дапамагчы? Ды папросту!



«Аматары СЛОТа – людзі, абцяжараныя інтэлектам!»

ЕРБ: Давайце па песнях. «Доска»: там такі тэкст: Нам плевать на цвета, полоски и причёски»…  А які, па-вашаму, чалавек, які слухае СЛОТ?

Кэш: Ды гэта такія жа людзі, як мы. Маладыя і абцяжараныя інтэлектам. Але абавязкова здольныя адарвацца, калі сітуацыя дазваляе: напрыклад, на канцэрце.

ЕРБ: Прагледзеўшы некалькі кліпаў СЛОТа, складаецца ўражанне, што Вашая творчасць трохі агрэсіўная. Увогуле агрэсія прысутнічае ў Слота?

Нукі: Ну, гэта хутчэй экспрэсія. У нас няма злой энергіі. А экспрэсія, як вельмі жывыя эмоцыі, безумоўна прысутнічае ў поўнай меры.

Кэш: Але часта, нягледзячы на багацце песень, дзе «усё знікла», людзі пасля канцэрту дзякуюць за «пазітыў».


«Што-што мы граем?!»

ЕРБ: Перад інтэрв'ю з вамі ехаў у таксі з сябрам. І вось спытаў у яго, ці ведае ён гурт СЛОТ. «Што яны граюць?» Сябар сказаў, што «эма-кор»…

---- дзікі і нястрымны смех вакалістаў СЛОТа----

ЕРБ: Вось калі б Вас спыталі, не ведаючы, што вы музыкі, якую музыку выконвае СЛОТ? Што б Вы адказалі?

Кэш: Ёсць проста нейкія стылістычныя моманты і рамкі, у якія усіх музыкаў заганяюць. Часам гэта трэба, каб чалавек проста не згубіўся ў багацці музыкі сучаснага свету. Мы, вядома, кажам такія словы, як «альтэрнатыва», «нью метал»…

ЕРБ: Прасцей паслухаць…

Кэш: Канечне! Мы на гэта і разлічваем. І спадзяемся, што ў нас ёсць свой твар.

ЕРБ: Калі казаць пра сучасныя тэндэнцыі, то цяпер стала папулярным сярод музыкаў адыходзіць ад свайго ўнікальнага гучання і дадаваць што-небудзь вельмі неардынарнае ў свае творы: напрыклад, афрыканскія барабаны прапісаць, альбо яшчэ што-небудзь. СЛОТ наогул адкрыты для новага?

Кэш: Так, канечне! Мы вось нядаўна прапісалі скрыпачку…

Нукі: А нядаўна мы выпусцілі «кіслату» - гэта складанка электронных рэміксаў на нашыя песні. Прычым у самой рознай электроннай стылістыцы. У Расіі такога ніхто не рабіў. Цяпер модна пераходзіць на акустыку, а ў нас такі вось крок быў. Прычым мы абвяшчалі конкурс і ўсё жадаючыя маглі паспрабаваць сябе на гэтай ніве. Людзі на працягу аднага з паловай года дасылалі свае прапановы і, як вынік, выйшла вось такая плыта.

ЕРБ: Так а Вы як музыкі ў гэтым праекце ўдзельнічалі, ці проста слухалі тое, што дасылаюць людзі?

Кэш: У асноўным, людзі самі нешта рабілі. Ёсць тры трэкі, дзе мы таксама ўдзельнічалі. Мы жа гэта ўсім жадаючым прапанавалі: спачатку думалі, што не набярэм на кружэлку, а потым надакучыла выбіраць з добрага. Кіслата завецца «Капли Первые», і, хутчэй за ўсё, будуць і «другія».



Як СЛОТ «абзавёўся» беларусамі

Тут неабходна адзначыць, што дапамог арганізаваць інтэрв'ю з музыкамі Піксель – малады музыка з Гомелю, які працуе тэхнікам у Слота. Насамрэч, у канцэртным туры СЛОТ абслугоўваюць беларусы… Як жа так атрымалася: група маскоўская, а ў туры «Тринити» з музыкамі ездзяць беларусы...?

Кэш: О! Гэта выдатная гісторыя. Пачалося ўсё з кіроўцы Руслана. Выдатны персанаж з Гомелю, які ў свой час вазіў і Amatory, і Jane Air вазіў… Дык вось ён у свой час параіў нам гукарэжысёра, таксама з Гомелю. А калі паўстала пытанне тэхніка, гукарэжысёр з Гомелю параіў нам тэхніка з Гомелю. Таму зараз нас абслугоўвае брыгада беларускіх арбітраў.

ЕРБ: І як, задаволеныя?

Нукі: Канечне! А яшчэ падчас гэтага тура Руслан стаў і нашым тур-мэнэджарам.

ЕРБ: Вы жа не першы раз выступаеце ў Мінску. Як мінская публіка?

Кэш: Ды нас яшчэ ў першы раз проста знесла, памятаеш, Нукі?

Нукі: Ага, гэта, мабыць, быў самы экспрэсіўны канцэрт Слота…

Кэш: Народ як заспяваў «Две войны», дык мы ледзь не ачумелі!

Нукі: Нас проста здзьмула са сцэны. Адчулі сябе "Бітлз", калі, ведаеш, у тыя часы апараты былі слабыя… І калі людзі пачыналі спяваць, то заглушалі мікрафоны. Вось у нас было такое жа адчуванне падчас першага канцэрту ў Мінску. Другі раз таксама быў вельмі па-інтымнаму цёплы канцэрт. Увогуле заўсёды ў Мінску ўсё праходзіць вельмі добра.

ЕРБ: Яшчэ хачу па песнях паразмаўляць. «Ave Maria»: пачынаецца як малітва, а потым усё звальваецца да … сэксу…

Кэш, перапыняючы: Ну чаму звальваецца?!! Можа, наадварот, падымаецца!

ЕРБ: Атрымліваецца, што б ні казалі, Фрэйд меў рацыю? Або наогул як разумець «Ave Maria»?

Кэш: Безумоўна, Фрэйд не ва ўсім меў рацыю. Ён наогул быў вельмі радыкальны персанаж. І яго тэза наконт таго, што калі паміж мужчынам і жанчынай ёсць стасункі, то абавязкова з сэксуальнай падаплёкай – гэта, вядома, няпраўда. Жанчыны бываюць розныя, а з некаторымі можна проста сябраваць выдатна. І мужчыны, мусіць, таксама…

----- У грымёрцы раздаецца дзікі і нястрымны смех ---

Кэш: Шкада, не будзе бачна, як я цяпер паглядзеў на Нукі… А песня «Ave Maria» - там такая Марыя, якая дорыць смех і дзве кропелькі сэксу. Як раз-такі ўсё тое, што вечна забаранялася хрысціянствам. Сэкс там наогул табу. Яны наогул усе страшныя зануды ў гэтым плане і самі сабе гэтым шкодзяць. Гэта я пра ўсе рэлігіі, якія нешта забараняюць. Праўда, тыя ж каталікі заўсёды былі езуітамі і таму падладжваліся пад сітуацыю і цяпер паволі мадыфікуюцца.



«Ніцшэ, як і Фрэйд – доюры флудар!»

ЕРБ: Пытанне не пра рэлігію: у што Вы верыце? Я маю на ўвазе не якія-небудзь багоў, а што-небудзь накшталт «разумнага, добрага, вечнага»?

Кэш, пазіраючы і звяртаючыся да Нукі: Ну, шмат хто верыць у тое, што Эмі Ўайнхаўс квасіць на сцэне сапраўдны алкаголь…

Нукі: Што-о-о?!!! Пытанне наогул не пра гэта!

Кэш: Ну і што? Ты жа верыш у гэта! Я думаю, напрыклад, што гэта ў Эми імідж такі сцэнічны. Ну а так верыць жа можна ў што заўгодна… Вера – гэтая такое паняцце, што калі ты верыш – то гэта працуе. Калі не верыш, то не працуе. Калі браць менавіта тое, з чым асацыюецца паняцце «вера», то я веру ў тое, што існуе дзесьці велізарная навала энергіі, на якой шмат што трымаецца. А у астатняе мне пакуль складана даецца паверыць… Напрыклад, у жыццё пасля смерці… Я заўсёды кажу, што не ведаю. І Вы не ведаеце!..

Нукі: Вось у Ніцшэ ёсць такая тэза: Бог калі ў чымсьці і вінаваты, так толькі ў тым, што яго не існуе.

Кэш: Ніцшэ, як і Фрэйд, яго, праўда, яшчэ далей заносіла.

Нукі: Ды ён проста добры флудар!

ЕРБ: Ваша музыка – яна пра светлае заўтра або пра «жыві сучаснасцю»?

Нукі: Ну дакладна не пра ўчора!

Кэш: Ды мы ў прынцыпе імкнемся нічога не раіць. Мы проста паказваем узаемасувязі: калі так, то будзе так і гэтак далей…

Нукі: Мне здаецца, што ў нас усё-такі больш жыццесцвярджальная пазіцыя ў музыцы. Усё ў нашых руках!

Кэш: Нам наогул не дадзена спяваць сацыяльшчыну або пра геапалітыку. Нам дадзена спяваць пра тое, што вось стаіш ты і вось стаю я. І пра тое, што можа з гэтага атрымацца. Ну і шмат спяваем пра тое, што чалавек павінен быць асобай. Нават калі ты там у масе жывеш! У любым выпадку, калі чалавек знайшоў свой шлях па жыцці, метад жыць і ўспрымаць свет і гарманаваць з ім – і ўсё тут, выдатна! І ужо не важна, праз рэлігію ён знайшоў або не. Мяне, напрыклад, раздражняе ўсё артадаксальнае, а камусьці, напэўна, гэта жыць дапамагае.

ЕРБ: Гэта значыць, агульнай формулы жыцця для людзей не існуе?

Кэш: Вось-вось! Персаніфікацыя – таксама вельмі важная тэма ў нашай музыцы.

ЕРБ: Гэта значыць, праўда ў кожнага свая?

Кэш: Канечне! Ісціна ў кожнага свая, як зацьменне!


Бульбу – абсалютна бескарысны для організму прадукт!

ЕРБ:
Беларусы, як вядома, вельмі любяць бульбу. А я вось у райдэре Слота прачытаў «ніякіх макарон і бульбы»… Чаму?

Нукі: І, тым не менш, калі сёння елі, усё замовілі сабе дранікаў!

Кэш: Ну, у прынцыпе, гэта мой і Нукі загон. Проста таму што мы любім асобнае харчаванне. А бульба – прадукт з нізкім утрыманнем абалоніны, адпаведна, абсалютна бескарысны для арганізма прадукт.


Кэш: «Як я «Таварыша Маўзера» по расійскім лэйблам носіў»

ЕРБ: Пра беларускую сцэну хачу спытаць: што ведаеце, што слухалі?

Кэш: Безумоўна, гэта «Пневмания» – мы з імі амаль усе мінскія канцэрты адыгралі.

Нукі: «Таварыш Маўзер» табе падабаецца…

Кэш: Так, я нават неяк з імі затусіў і ўзяў пласцінку і панёс па расійскіх лэйблах. Ды вось усё-такі апынулася, што з беларускай мовай вельмі цяжка пераконваць нашых прадзюсараў нешта зрабіць. Хоць вельмі крыўдна. Потым мы ведаем «Расту» выдатна. Калі браць старое, вельмі падабаўся мне «Gods Tower». Я нават ведаю, што цяпер у «Расте» музыкі адтуль. Ну і, безумоўна, гэта «ТТ-34».

ЕРБ: Як музыкі, якія ужо адбыліся, што параіце маладым?

Кэш: Адбыцца!

Нукі: Цярпення і працавітасці. І, вядома, трэба вельмі шмат працаваць.

Кэш: Наогул, самае галоўнае – гэта угадаць. Усе вялікія ўгадалі, калі і дзе апынуцца. І ім, вядома, пашчасціла. Пашчасціал першапачаткова, што ў іх ёсць талент. Пашчасціла, што яны менавіта гэтым заняліся і іх заўважылі. Карацей, галоўнае, каб вас заўважылі. І яшчэ стварыць мікраклімат у калектыве, каб ён працягнуў. Гэта ве-е-е-е-е-е-ельмі важна!

Фота з сайта www.slot.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі