Foreign Policy: Беларусь зняла абмежаванні на колькасць дыпламатаў ЗША ў Мінску
10 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей апавясціў Вашынгтон, што абмежаванні на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску знятыя. Пра гэта піша tut.by са спасылкай на амерыканскі часопіс Foreign Policy.
Крыніцы амерыканскага выдання распавялі, што заява Макея прагучала падчас ягонай тэлефоннай размовы з памочнікам дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Уэсам Мітчэлам.
Абмежаванні на колькасць супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў Беларусі дзейнічалі з 2008 года. Тады Беларусь адклікала свайго амбасадара з ЗША, прымусіла з'ехаць амерыканскага амбасадара і прызначыла ліміт у пяць дыпламатаў. Пазней штат амбасады быў пашыраны да дзесяці дыпламатаў.
Цяперашнія дыпламатычныя змены амерыканскія чыноўнікі ацэньваюць як пачатак адлігі.
Дзярждэпартамэнт ЗША адмовіўся каментаваць сітуацыю, спаслаўшыся на "шатдаўн" — адсутнасць прынятага бюджэту для фінансавання дзяржапарату.
Foreign Policy лічыць, што Беларусь пайшла на пацяпленне адносінаў са Штатамі на фоне абвастрэння адносінаў з Расіяй. З расійскага боку прагучала прапанова больш шчыльнай інтэграцыі, а Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пытанне пра аб'яднанне паміж Беларуссю і Расіяй на сёння не стаіць.