Саставы з танкамі: якую вайсковую тэхніку Беларусь можа перадаць Расіі
Стрэл з танка / РИА Новости / Максім Блінаў
З Беларусі ў Расію масава вывозяцца (у тым ліку здымаюцца з захоўвання) беларуская ваенная тэхніка, узбраенне і боепрыпасы. Інфармацыяй пра гэта дзеляцца маніторынгавыя групы "Беларускі гаюн" і "Сообщество железнодорожников Беларуси".
Ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка лічыць, што перакідка тэхнікі кажа пра тое, што ў найбліжэйшы час беларускае войска не ўварвецца ў Украіну. Маўляў, калі збіраешся ваяваць, то вагонамі сплаўляць танкі ў Расію — так сабе ідэя.
Зыходзячы з гэтага можна меркаваць, што Лукашэнка пакуль што не адпраўляе свае войскі на Кіеў, але вырашае канчаткова ператварыць Беларусь у рамонтную базу і рэсурсны прыдатак пуцінскай вайсковай машыны.
У такім выпадку якую тэхніку беларускі рэжым можа вылучыць для патрэб расіян? Еўрарадыё паглядзела, што больш за ўсё можа спатрэбіцца Z-войскам з таго, што цяпер стаіць на ўзбраенні войска Беларусі.
Танкі
Пра тое, што знаходзіцца ў парках беларускіх Узброеных сіл, расказваюць розныя аналітычныя праекты. Напрыклад, такія як "Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў" або "Оборонно промисловий кур’єр".
Дакладную колькасць вайсковай тэхнікі, якую цяпер мае беларуская армія, назваць складана, асабліва з улікам таго, як яе пачалі актыўна вывозіць у РФ. Але наменклатуры машын вядомыя. У большасці сваёй гэта не найноўшыя ваенныя распрацоўкі, а спадчына мінулага з СССР.
Што да танкаў, то гэта савецкія мадэрнізаваныя Т-72АВ, Т-72Б, Т-72Б3, Т-72БМ. У рэзерве таксама ёсць мадэлі Т-62 і Т-80Б. "Сообщество железнодорожников Беларуси" зафіксавала факт, што на Данбас ужо адпраўленыя 20 штук Т-72А. Яны захоўваліся на 969-й базе рэзерву танкаў, якая знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Урэчча Любанскага раёна.
Артылерыя
З артылерыяй Беларусь таксама можа падмагчы. "Багі вайны" прадстаўлены самаходнымі 122-мм устаноўкамі 2С1 "Гваздзік", самаходнымі 152-мм гаўбіцамі 2С3 "Акацыя", самаходнымі 152-мм гарматамі 2С5 "Гіяцынт-С", 152-мм самаходнымі гаўбіцамі 2С19 "Мста-С".
Ёсць і буксаваныя гарматы: 122-мм гаўбіцы Д-20, Д-30, 152-мм гарматы 2А36 "Гіяцынт-Б", 152-мм гаўбіцы 2А65 "Мста-Б". Таксама да артылерыйскіх гармат адносяцца мінамёты. У асноўным яны прадстаўлены 120-мм савецкім буксаваным мінамётным комплексам 2С12 "Сані".
Беларусь, акрамя ствольнай, мае і рэактыўную артылерыю. РСЗА прадстаўлены 122-мм сістэмамі БМ-21 "Град" і яго мадэрнізаваным варыянтам БМ-21А — "БелГрад", 220-мм БМ-27 "Ураган" і 300-мм БМ-30 "Смерч".
"Вішанька" беларускай рэактыўнай артылерыі — сучасная айчынная распрацоўка, дальнабойная 301-міліметровая васьмізарадная РСЗА "Паланэз".
Аднак яна вядзе агонь не беларускімі, а кітайскімі боепрыпасамі А-200, далёкасць стральбы якіх да 200 кіламетраў, а кругавое імавернае адхіленне складае прыкладна 30-50 метраў.
Максімальная далёкасць стральбы сістэмы заяўлена да 300 кіламетраў. Для параўнання: пакет "Хаймарса" складаецца з шасці снарадаў, калібр якіх меншы, чым у "Паланэза". А на аснове ракеты А-20 беларускія спецыялісты ствараюць з кітайскай дапамогай ракеты з далёкасцю стральбы да 500 кіламетраў.
Па паведамленнях маніторынгавых груп, з 1868-га арсенала артылерыйскай базы ўзбраення ў Гомелі расіяне ўжо вывозяць для сваіх патрэб беларускія САУ "Акацыя", самаходкі 2С9 "Нона-С", гаўбіцы Д-20, Д-30, "Мста-Б" і іншыя.
Зенітныя ракетныя комплексы
УСУ нястомна дзяўбуць "Хаймарсамі" расійскую вайсковую і лагістычную інфраструктуру. Яркі прыклад — Антонаўскі мост у Херсоне. Таму расіяне цалкам могуць пакласці вока і на беларускія сродкі, якія дазваляюць збіваць паветраныя цэлі і ракеты.
А гэта зенітныя ракетныя комплексы "Аса-АКМ", "Страла-10", "Страла-10Т", "Страла-10М3", 30-мм зенітны гарматна-ракетны комплекс "Тунгуска", 23-мм зенітныя самаходныя ўстаноўкі ЗСУ-23-4 "Шылка" і 2К20 "Зеніт", а таксама створаны сумесна з Украінай ЗРК Т-38 "Штылет". У цэлым нічога новага і звышсучаснага, але, як той казаў, на бязлюддзі і дзяк — чалавек.
Расіяне цалкам могуць "пазычыць" і ЗРК для цэляў больш сур'ёзных. Гэта, напрыклад, савецкія комплексы С-300ПТ/ПС, С-300В, "Бук-М1", "Бук-МБ", "Тор-М2К". Усё гэта ёсць і на ўзбраенні РФ, але ва ўмовах пастаянных баявых дзеянняў яно таксама рана ці позна канчаецца.
Баявыя машыны пяхоты
Баявыя машыны пяхоты — браняваныя баявыя машыны, асноўная задача якіх заключаецца ў агнявой падтрымцы і перавозцы асабовага складу. Калі не прытрымлівацца строгай класіфікацыі, то сюды можна аднесці бронетранспарцёры, бронеаўтамабілі, разведвальна-дазорныя машыны і гэтак далей. Браняваныя "скрыначкі" ёсць добрай падмогай для пяхоты.
Беларускае войска мае БМП-2, БРМ-1К, БТР-82А, БТР-80, БТР-70, МТ-ЛБ, БРДМ-2. З несавецкіх транспарцёраў — кітайскія Dongfeng Mengshi "Волат", CS/VN-3 "Цмок", беларускі МБТС "Кайман" і іншыя.
Разам з вайсковай тэхнікай з Беларусі вывозіцца і боекамплект да яе. "На цяперашні момант вядзецца пагрузка на многіх буйных артылерыйскіх базах узбраення і боепрыпасаў. Так, напрыклад, сёння ў в/ч 67878 (гэта 46-ы арсенал ракет і боепрыпасаў) у населеным пункце Бронная Гара вядуцца пагрузачныя работы. Колькасць боепрыпасаў настолькі вялікая, што пагрузку сваімі сіламі арганізаваць не могуць і адкамандоўваюць вайскоўцаў з іншых падраздзяленняў у дапамогу", — піша "Сообщество железнодорожников Беларуси".
Магчыма, што ручаёк паставак у Расію не будзе бясконцым. Склады і арсеналы беларускай арміі — не бяздонная бочка. Дый Мінабароны, хутчэй за ўсё, усё ж кантралюе стан і наяўнасць рэсурсаў, неабходных для непасрэднага гарантавання ваеннай бяспекі Беларусі.
А пасля таго як магчымасці па забеспячэнні расійскай групоўкі будуць збольшага вычарпаныя, рэжым Лукашэнкі зноў вернецца да ролі зручнага чэкпойнта, на якім можна латаць раны і папаўняць сілы. Калі, вядома, да гэтага моманту Беларусь не ўступіць у поўнамаштабную вайну супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.