“Спадзяюся, у гэтым месяцы будуць добрыя навіны”. Ціханоўская — пра візіт Коўла ў Мінск

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

— Спадзяюся, што ў гэтым месяцы будуць добрыя навіны, — кажа Святлана Ціханоўская, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, якія чаканні ў прадстаўніцтва беларускіх дэмсілаў ад анансаванага Джонам Коўлам візіту ў Мінск праз наступныя 2-3 тыдні.

Са слоў лідэркі дэмсілаў, амерыканскія партнёры абавязкова папярэдзяць, калі з беларускіх турмаў будуць выпускаць палітвязняў.

— Усяго сказаць я, канешне, не магу, бо працэс даволі закрыты і складаны. Мы будзем папярэджаны загадзя, калі гэта адбудзецца і якая прыкладна будзе колькасць людзей. Нашыя амерыканскія партнёры разумеюць, што нам трэба таксама падрыхтавацца, калі будуць палітычныя зняволеныя, якіх будуць вывозіць за мяжу.  

Нашая просьба да амерыканскага боку — агучваць і патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі, каб людзі мелі выбар заставацца ў краіне ці з’яжджаць, каб быў доступ да людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім стане ці ў складаных жыццёвых абставінах, каб быў нейкі прыярытэт да людзей з дзецьмі і да людзей з цяжкімі хваробамі. 

Таксама важна, каб была размова пра працяг рэпрэсій, бо нашыя партнёры таксама разумеюць — пакуль вызваляюць аднаго, саджаюць дзьвух. Так можна набіраць людзей бясконца і імі таргавацца.  

Амерыканцы не наіўныя і добра гэта разумеюць. Крок за крокам яны ідуць, каб вызваліць як мага больш людзей. 

Мы ўвесь час на сувязі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.