Спартсмены з Беларусі хочуць выступаць за Казахстан
Спартсмены з Беларусі і Расіі хочуць выступаць за Казахстан. Пра гэта заявілі ў казахстанскім Міністэрстве спорту. Старшыня Камітэта па справах фізкультуры і спорту Самат Ергаліеў кажа, што запыты ад беларусаў і расіян сталі паступаць у каманды па алімпійскіх відах спорту, паведамляе Zakon.kz.
Спартсмены з Беларусі і Расіі адхілены ад большасці міжнародных спаборніцтваў. Прычынай стала агрэсія РФ супраць Украіны (Беларусь — саюзнік Расіі). Спартсменам, якія трапілі пад гэтыя санкцыі, заставалася часова выступаць ці на нацыянальным узроўні, ці на беларуска-расійскіх спаборніцтвах, ці ўвогуле завяршыць спартыўную кар'еру. Некаторыя атлеты аднак шукаюць магчымасць вярнуцца на міжнародныя спаборніцтвы праз змену грамадзянства.
Ергаліеў падкрэслівае, што Казахстан прынцыпова не бярэ легіянераў "па прыярытэтных відах спорту, такіх як бокс, віды барацьбы". Могуць узяць беларусаў і расіян па тых відах спорту, якія "развітыя не так добра" ("кропкавая натуралізацыя"), але з умовай, што яны дадуць "магутны штуршок для развіцця". "Пакуль з тых, хто хоча да нас перайсці, няма спартсменаў высокага класу, якія маюць медалі Алімпіядаў, чэмпіянатаў свету, хто ўжо паказаў сябе на сусветнай арэне", — заявіў спартыўны чыноўнік. Прозвішчы спартсменаў ён не называў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.