Спецпаслом Літвы па пытаннях Беларускай АЭС стаў Дарус Дзягуціс
Дарус Дзягуціс прызначаны спецыяльным амбасадарам Літвы па асаблівых даручэннях па пытаннях будаўніцтва беларускай АЭС, паведамляе БелаПАН. Яго прызначэнне адбылося 4 студзеня.
Дзягуціс працуе ў МЗС Літвы з 1991 года. Ён быў амбасадарам краіны ў Польшчы і Ізраілі, а таксама працаваў у літоўскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах у Даніі ды ЗША.
На новай пасадзе Дзягуціс будзе прадстаўляць "сфармаваную пазіцыю Літвы" па беларускай АЭС у сферы ядзернай бяспекі і праблемаў навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, у яго абавязкі ўваходзіць сачыць за сітуацыяй вакол БелАЭС на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях, а таксама каардынаваць дзейнасць літоўскіх ведамстваў у гэтым пытанні. Спецпасол будзе таксама прадстаўляць пазіцыю Літвы ў пытанні Беларускай АЭС пры супрацы з міжнароднай супольнасцю, абменьвацца інфармацыяй з іншымі краінамі, урадавымі і няўрадавымі арганізацыямі, парламентамі.
Рашэнне аб прызначэнні спецпасла па Беларускай АЭС афіцыйная Вільня прыняла 3 студзеня на сустрэчы міністраў замежных спраў, навакольнага асяроддзя і энергетыкі.
Літоўскі бок звяртае ўвагу на тое, што вакол будаўніцтва АЭС у Астраўцы пастаянна адбываюцца надзвычайныя сітуацыі. Шостая па ліку здарылася 28 снежня, калі корпус рэактара пры перавозцы па чыгунцы стукнуўся аб слуп на станцыі Слаўнае ў Талачынскім раёне. На самой АЭС запэўніваюць, што праверка корпуса пасля дастаўкі не выявіла на ім пашкоджанняў: сляды засталіся толькі на абарончым кажуху.