Спорткрама: “Замест лыж ды сноўбордаў купляюць ровары”
Ад бясснежнай зімы і плюсавай тэмпературы выйграюць камунальнікі, але жыхары за кошт павялічаных тарыфаў на ацяпленне гэтага не заўважаць.
Хто яшчэ выйграў ад бясснежнай зімы?
Ад прадаўца крамы “Спортцэнтр” Паўла даведваюся, што пасярод зімы самы хадавы тавар — ровары:
“Санкі — яны амаль не прадаюцца зусім. У нас сноўборды яшчэ ёсць, але яны, як і лыжы не ідуць. А вось на ровары — попыт. Некалькі разоў на тыдзень пытаюць”.
У краме “Спорттавары” пад Новы год аб’явілі зніжкі ў 15% — пакупнікі быццам бы з’явіліся, але куплялі ў асноўным падарункі. Пасля святаў продаж зноў на нулі.
Цяжка сказаць, ці прайграюць крамы спорттавараў з-за такой зімы. Адзін ровар беларускай фірмы каштуе 1,3 мільёна, лыжы з ўсімі неабходнымі прычындаламі — каля мільёна. Так што прадаваць ровары быццам бы і выгадней, хоць прадаўцы спорттавараў снегу вельмі чакаюць. Гэта павысіць продажы ў разы.
У краме футраў “Белая ліса”, што ў Мінску, распавядаюць: пакупнікоў няма нават нягледзячы на істотныя зніжкі: пры кошце шубы ад 4 да 13 мільёнаў, зніжкі да 15%.
Не надта многа пакупнікоў і ў Мазырскай краме футраў — пакупнікоў мутонавых шубак ды паўшубкаў проста няма. І, як мяркуе прадавец Жана, ўжо не будзе да сакавіка.
“Людзі разважаюць так: а колькі той зімы ўжо засталося — пахаджу і так. Людзі чакаюць зніжак — у сакавіку будуць добрыя зніжкі, вось яны і разважаюць, што лепей ўжо пачакаць ды яшчэ з растэрміноўкай на ўсё лета…”, — працягвае Жана.
Не асабліва шчасціць і ўладальнікам пракатных квадрацыклаў. Як заўважае кіраўнік фірмы Квадра-Тур Аляксандр, адсутнасць снегу моцна ўплывае на колькасць кліентаў.
3“Зніжэнне ідзе болей чым на 50%, мо працэнтаў на 70% меней, чым ў снежныя зімы. Не хочацца, каб людзі моклі пад дажджом, а потым прастудзіліся, тэхніку трэба мыць. Вельмі снежная зіма — таксама не надта добра, бо трасы трэба рыхтаваць, а гэта зноў жа выдаткі”. Найлепшыя ўмовы надвор’я для паездкі на квадрацыклах на думку Аляксандра — гэта калі не надта многа снегу і лёгкі мароз.
Не выйграе і не прайграе шынамантаж. На шынамантажы, што ў мінскім раёне Сухарава заўважаюць, што працуюць ў звычайным рэжыме — “ўсе адэкватныя людзі” ўжо пераабуліся ў зімнія шыны, а рамонт — звычайны.
А вось у ЖРЭА № 2 Фрунзенскага раёна разважаюць, што бясснежная зіма — гэта выгадна… для камунальнікаў.
“Рэжым пратаплівання ў памяшканнях, аб’ём працы меншы, а таксама даплачваць дворнікам не трэба за дадатковую прыборку снегу, бо ў снежныя зімы ў дворнікаў і заробкі большыя”, — разважаюць у ЖРЭА № 2.
Быццам бы выйгрыш для камунальнікаў навідавоку, але не для жыхароў — нягледзячы на "рэжым пратаплівання" плаціць меней за ацяпленне жылля мы не сталі: за мінулы год тарыф за гігакалорыю павялічваўся тры разы і вырас на 20%. Таму, нягледзячы на такую зіму, плаціць меней не станем.
Хто выйграў ад бясснежнай зімы, дык гэта гарналыжныя цэнтры! У Сілічах аншлаг, бо тут снег ёсць. Няхай сабе і са снегавых пушак.
“Пад Новы год раскупляліся навагоднія пакеты, у асноўным куплялі расіяне. Нягледзячы на снегавыя пушкі, яны працуюць за кошт электрычнасці і нашага тэхнічнага возера, гэта акупляецца”, — кажуць Еўрарадыё ў Сілічах.
Але тут жа дадаюць, што ў снежныя зімы наведвальнікаў ўсё роўна болей — не ўсе ведаюць пра штучны снег.