Спойлер Пуціна? Хто такі Барыс Надзеждзін

Биография Бориса Надеждина

Барыс Надзеждзін  / "Коммерсант"

Чэргамі, каб падпісацца за незалежнага кандыдата, беларусаў не здзівіш, але ў расіянаў у 2024-м такое здарылася ўпершыню. Па сацсетках разляцелася безліч відэа і фота таго, як ідзе збор у падтрымку Барыса Надзеждзіна — патэнцыйнага "кандыдата пратэсту" на выбарах прэзідэнта Расіі. Сёння гэты палітык — адна з фігур, якую больш за ўсіх абмяркоўваюць не толькі ў Расіі, але і наогул у рэгіёне. Коратка расказваем, што пра яго вядома.

Фізік і бард

Барыс Надзеждзін хацеў звязаць жыццё з фізікай — скончыў Маскоўскі фізтэх, напісаў кандыдацкую і працаваў навуковым супрацоўнікам. Але ў часы перабудовы абраў грошы, а не навуку, і заснаваў кааператыў "Інтэграл".

Неўзабаве сфера інтарэсаў Надзеждзіна стала шырэйшай, чым фізіка і заробак: у 1991-м ён далучыўся да руху дэмакратычных рэформаў Анатоля Сабчака. Атрымаў другую вышэйшую, юрыдычную, працаваў у дзяржаўных арганізацыях.

Пік палітычнай кар'еры Барыса Надзеждзіна прыйшоўся на канец 1990-х: ён быў дарадцам віцэ-прэм'ера Барыса Нямцова (пазней — апазіцыянера, загадкава забітага ў цэнтры Масквы), памочнікам прэм'ера Сяргея Кірыенкі (зараз — намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна, адказвае за ідэалогію, выбары і акупаваныя тэрыторыі).

Борис Надеждин и Борис Немцов
Барыс Надзеждзін (справа) і Барыс Нямцоў

У 1999-м Барыс Надзеждзін стаў дэпутатам Дзярждумы ад "Саюза правых сіл". Зноў трапіць у парламент ён не зможа.

Ад "Адзінай Расіі" да "кандыдата надзеі"

У 2000-х Надзеждзін марна спрабаваў пераабрацца на розных выбарах. Толькі ў 2019-м ён змог прайсці ў гарадскі савет Даўгапруднага ад прапуцінскай партыі "Адзіная Расія".

Да гэтага, хай і без магчымасці быць абраным, ён актыўна працаваў з палітычнымі сіламі, прычым вельмі рознымі. Напрыклад, быў адным з лідараў "Правого дела" алігарха Міхаіла Прохарава. Хоць рух лічыўся сучасным і ліберальным, падчас працы там Надзеждзін зрабіў некалькі вельмі нацыяналістычных заяваў, кшталту "Падмаскоўе — руская зямля".

А вось для "Справядлівай Расіі", ультраправай імперскай партыі, Надзеждзін наадварот быў занадта "ліберальны". Але ўсё роўна неяк удзельнічаў у выбарах па яе спісах.

І вось з такімі "зігзагамі" ў біяграфіі ў 2024 годзе Барыс Надзеждзін нечакана стаў "кандыдатам надзеі" на расійскіх выбарах. З улікам таго, што каласальным поспехам там лічацца сабраныя сто тысяч подпісаў (адносна колькасці насельніцтва — несупастаўныя з беларускімі вынікамі лічбы), нават пры максімальна сумленных выбарах ён наўрад ці мог бы перамагчы Пуціна. Так, у чымсьці ён здаецца лібералам і нават выступае за спыненне вайны ва Украіне. Але ні Крым, ні Данецк вяртаць быццам бы не збіраецца. Ва ўсякім разе, нічога падобнага пакуль не заяўляў.

З улікам усіх нюансаў біяграфіі Барыса Надзеждзіна шмат хто абвінавачвае яго ў тым, што ён з'яўляецца "спойлерам" Пуціна. Відавочна, пэўных доказаў ні "за", ні "супраць" няма — застаецца толькі меркаваць, гледзячы па яго заявах і ўчынках.

Выбары прэзідэнта пройдуць у Расіі з 15 па 17 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі