Спрабуем зразумець, што рабіць з платнай бронню чаргі на мяжы
Калі ўказ Саўміна набудзе моц раней, чым вы скарыстаецеся забраняванай чаргой, вам вернуць грошы / pixabay
Раніцай 17 жніўня ў чатах прымежных гарадоў паднялася паніка. Беларусы даведаліся, што магчымасці забраняваць за грошы месца ў чарзе на мяжы больш не будзе. А гэта пагражае шматгадзінным чаканнем у жывой чарзе.
— Для людзей, якія вымушаныя працаваць у Польшчы, бо дома проста няма дзе, усё дрэнна. Я пра тых, каму трэба не ганяць туды-сюды, а паўнавартасна працаваць, — пішуць у чаце аднаго з памежных гарадоў.
Непрыемныя змены прадугледжвае ўказ "Аб сістэме электроннай чаргі транспартных сродкаў у пунктах пропуску і забеспячэнні памежнай бяспекі".
Пры гэтым магчымасць платнага бранявання на сайце "Белмытнясэрвісу" ўсё яшчэ ёсць. Да таго ж браняваць месца ў чарзе можна было за сем дзён да выезду, так што ў шмат каго ўжо былі выкуплены месцы на тыдзень наперад. Што з імі рабіць?
На сайце "Белмытнясэрвісу" апублікавалі тлумачэнне: пакуль што працягвае дзейнічаць усталяваны парадак бранявання электроннай чаргі. Змены набудуць моц, толькі калі да прэзідэнцкага ўказа дадасца пастанова Саўміна, якая тлумачыць яго. Але калі гэта здарыцца? І што рабіць з ужо забраняванай чаргой?
Я забранявала чаргу. Што цяпер з ёй рабіць?
Карэспандэнтка Еўрарадыё патэлефанавала на гарачую лінію "Белмытнясэрвісу". Прадставілася жыхаром памежжа і паспрабавала высветліць, ці можна ўсё яшчэ выехаць у Польшчу, пазбегнуўшы шматгадзіннага прастою ў "жывой чарзе".
— Свабодныя месцы можна браняваць на пяць дзён наперад, — расказалі нам у "Белмытнясэрвісе".
— А калі я ўжо забранявала чаргу на 24 жніўня — да таго, як з'явіліся навіны пра змены, — я магу ехаць?
— Пакуль што — так. Глядзіце, да набыцця моцы пастановай Савета Міністраў — менавіта пастановы, а не ўказа прэзідэнта — усё працуе ў штатным рэжыме. Гэта значыць, дзейнічае ўсталяваны раней парадак бранявання электроннай чаргі.
А пастанова павінна будзе вызначыць, якім будзе парадак функцыянавання электроннай чаргі.
— Але ж няма вядомай даты, калі яна набудзе моц?
— Пакуль што няма. Мы таксама чакаем.
— А калі заўтра? Ці на гэтым тыдні? Вось яна набывае моц — а ў мяне чарга на 24 жніўня. Я магу ехаць? Або бронь адмяняецца?
— Хутчэй за ўсё, адмяняецца, і тады трэба будзе проста напісаць заяву на вяртанне грошай за браняванне на электронны адрас, пазначаны ў нас на сайце.
— Карацей, да самага выезду лепш абнаўляць навіны і правяраць, ці не прынялі пастанову?
— Так, можаце чытаць навіны ў нас на сайце, мы ўсё апублікуем.
Будзе даражэй?
Раней беларусы плацілі за рэгістрацыю ў чарзе. Тое, што платныя месцы прыбяруць, не значыць, што больш не будзе за што плаціць. Усе транспартныя сродкі пры ўездзе ў зону чакання павінны будуць рэгістравацца ў электроннай чарзе. І вось за гэтую рэгістрацыю трэба будзе заплаціць.
Колькі? Ці абыдзецца гэта даражэй, чым платнае браняванне чаргі? У "Белмытнясэрвісе" яшчэ не ведаюць.
— Як гэта будзе функцыянаваць, даведаемся з пастановы Савета Міністраў. У нас няма зусім ніякай інфармацыі, колькі гэта будзе каштаваць, якія будуць патрабаванні да зон чакання, як гэта будзе аплачвацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.