Справа SMS-мінёра: чаму “згвалтаваная” ахвяра захоўвае фота абвінавачанага?

Следства па справе так званага “SMS-мінёра” завяршылі ў канцы ліпеня.

Нагадаем, што за пяць месяцаў да гэтага мінская студэнтка падгледзела, як мужчына піша ў вагоне метро падазронае SMS пра бомбу. Як аказалася, чалавек такім чынам жартаваў. Але метро спынілі на гадзіны, страты ацанілі ў 90 мільёнаў рублёў, і крымінальная справа закруцілася па поўнай.

Адзінага фігуранта справы, ураджэнца Караганды Канстанціна Сіманава, будуць судзіць не толькі за лжывае паведамленне пра небяспеку. У абвінавачванне дадалі яшчэ і згвалтаванне, секс з малалетняй, дэманстрацыю парнаграфічных відэа.

Больш за тое, следчая група паведаміла пра псіхічныя адхіленні ў абвінавачанага, пра яго злоўжыванне алкаголем і папярэднюю казахстанскую судзімасць за артыкул, звязаны з наркотыкамі.

Еўрарадыё паспрабавала выйсці на пацярпелых па гэтай справе і папрасіць у следчым органе нейкую пашыраную інфармацыю пра цяжкія злачынствы, якія, на іх думку, учыніў абвінавачаны.

“Відаць, між ёй і Канстанцінам сімпатыі былі. Яны ідуць разам, дзяцей трымаюць за руку”

У якасці пацярпелай па справе “SMS-мінёра”, як аказалася, фігуруе жыхарка Смалявічаў Мінскай вобласці Ксенія Г. У сярэдзіне жніўня дзяўчыне споўніцца 17 гадоў. Толькі вось на ахвяру яна з першага позірку не надта падобная.

Ксенія прысутнічае на палове фотаздымкаў Канстанціна Сіманава ў сацыяльных сетках. Яна сфатаграфаваная пераважна з дзецьмі абвінавачанага ― Даніярам і Аянай.

У той жа час на старонцы самой Ксеніі кожнае чацвёртае фота (Еўрарадыё наўмысна палічыла) таксама звязанае ці то з Канстанцінам, ці то з яго дзецьмі, ці то з домам, дзе жывуць Сіманавы. Да таго ж, фотаздымкі размяшчаліся за лічаныя месяцы да выпадку ў метро. То бок дзяўчына, паводле права была ўжо не малалетняя. Гэтыя фота, заўважым, не выдаленыя дагэтуль.

Аказалася, што ў невялікіх Смалявічах, дзе па суседству жывуць Канстанцін і Ксенія, іх гісторыю раскажуць многія. Толькі не журналісту. Людзі ківаюць на Следчы камітэт, якога тут чамусьці баяцца. Таму не будзем у мэтах бяспекі раскрываць сапраўдныя імёны нашых крыніц.

Мясцовая чыноўніца уводзіць Еўрарадыё у курс справы. Аказваецца, жонка Канстанціна, Айнура, была пазбаўленая бацькоўскіх правоў і вядзе асацыяльны лад жыцця. Бацькі “SMS-мінёра” таксама злоўжываюць алкаголем.

“Але Канстанцін трымаўся. З усіх іх ён быў самым станоўчым членам сям’і. Таму было прынятае рашэнне, перадаць яму дзяцей на выхаванне, ― нечакана выказвае сваё меркаванне чыноўніца. ― Ксенія дапамагала яму з дзецьмі. Яны ідуць разам, дзяцей трымаюць за руку. Відаць, між ёй і Канстанцінам сімпатыі былі. Усё гэта адбывалася, калі яна вучылася ў 11-м класе (школу дзяўчына скончыла сёлета, ― Еўрарадыё). Але каб блізкія адносіны мы гэтага не бачылі”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, блізкія Ксеніі таксама маглі з суседскіх вокнаў назіраць за гэтымі адносінамі. Калі што, умяшацца. Якая ў яе сям’я?

Мясцовая чыноўніца: Там некалі вельмі сур’ёзныя былі праблемы. Яе выхоўвае маці, якая злоўжывала. Але цяпер яна з таго стану выведзеная. Сама Ксенія харошая дзяўчынка, спакойная. Але дзіця так зацягалі, што гэта немагчыма. Каго тут толькі не было! Відаць, абвінавачванне па SMS не было пераканаўчым, і пачалі калупацца з гэтай дзяўчынкай.

Дамы Канстанціна і Ксеніі стаяць поруч

Еўрарадыё: Што цяпер з дзецьмі Канстанціна?

Мясцовая чыноўніца: Яны ў прытулку. Бабулі перадалі апякунства, а яна запіла. Дзеці вельмі харошыя, вельмі. Спакойныя, ціхія, імкнуцца нешта спазнаць. І тут бацька трапляе за краты…

 

Сяброўка пацярпелай: “З ёй ўсё добра і яе ніхто не пасадзіць, а гэта галоўнае”

Звязацца з Ксеніяй і яе сям’ёй аказалася няпроста. Яе блізкія наадрэз і ў грубай форме адмовіліся размаўляць з журналістам. Сама дзяўчына дазволіла напісаць ёй пытанні праз інтэрнэт.

Прама цікавімся, ці парушаў Канстанцін закон у дачыненні да яе, і чаму ў такім разе яна захоўвае фотаздымкі, звязаныя з ім, у сацыяльных сетках.

У адказ дзяўчына прыгразіла нам следчым, які вёў справу “sms-мінёра”, і сказала, што ёй “нас..ць”, што мы напішам.

“Галоўнае, што мае сябры і родныя ведаюць праўду”, ― так скончыла перапіску Ксенія.

Звязваемся з добрымі сяброўкамі пацярпелай. Прынамсі, у сацыяльных сетках дзяўчаты фігуруюць у такой якасці. Спадзяемся, што яны раскажуць пра супрацьпраўныя дзеянні Канстанціна ў дачыненні да Ксеніі.

“Яна мая сяброўка, з ёй ўсё добра і яе ніхто не пасадзіць, а гэта галоўнае, ― адказвае Марына, адна з дзяўчат, якая актыўна афішуе сяброўства з пацярпелай. А на астатніх мне пляваць. Таму прашу вас, адчапіцеся ад мяне”.

На аргумент, што, магчыма, невінаваты чалавек можа трапіць у турму на вельмі працяглы тэрмін, сяброўка Марына адказала так:

“А мне пляваць на гэтага чалавека. Калі яна яго выцягне з турмы, то я зноўку страчу сяброўку, так што ўсё…”

Мяркуючы па фотаздымках, дачка Канстанціна прывязалася да Ксеніі

Мы знайшлі яшчэ адну дзяўчыну, якая наўпрост цікавілася ў Ксеніі, ці сустракаецца яна з суседам.

“Пабачыла іх, як ходзяць разам, і ён носіць ёй сумачкі, ― узгадвае сяброўка Кацярына. ― Я спыталася: “Ці ты сустракаешся з ім, жывяце разам ці што?” Яна сказала: “Не, ты што! Такога не можа быць”. “Ну, зразумела”, адказваю”.

Такім чынам, інфармацыі наконт згвалтавання, разбэшчвання і парнаграфіі ад Ксеніі, яе сям’і і сябровак мы так і не атрымалі.

Сябар "SMS-мінёра": “Два гады таму ён закадаваўся і з тае пары ўвогуле не п’е”

Сям’я Канстанціна Сіманава, на наша здзіўленне, не стала ісці на кантакт з Еўрарадыё: “Нам яшчэ падымаць дзяцей”. З бацькамі абвінавачанага, якія злоўжываюць алкаголем, і яго былой жонкай, якую пазбавілі бацькоўскіх правоў, Еўрарадыё звязвацца не стала. Аднак пасля шматлікіх спробаў выходзім на блізкага сябра “SMS-мінёра”. Мужчына адважыўся распавесці пра Канстанціна Сіманава і яго сям’ю.

“Вось любіў ён падурэць. Часам гэты гумар быў незмястоўны. Але без зла, ніхто на яго не крыўдзіўся. Шут гарохавы. Фізічна ён дужы, але без стрыжня ўнутры. Абвесці яго вакол пальца вельмі лёгка”, ― так апісвае Канстанціна яго сябар.

Еўрарадыё: Хто-небудзь са сваякоў з ім бачыўся пасля затрымання? Як ён патлумачыў напісанне SMS у метро?

Сябар Сіманава: Ведаю, што сваякі з ім у “Навінках” бачыліся. Ён правёў там два месяцы. Расказалі, што ён быў у трансе. Ніякай дзяўчыны ў метро не памятаў. За SMS яму было вельмі сорамна. Сапраўды дурны ўчынак. Але тое, што на яго панавешвалі!..

Еўрарадыё: Ведаем, што ён меў нейкія адносіны з пацярпелай па справе. Ён нешта пра яе расказваў?

Сябар Сіманава: Яны трымаліся разам. Калі Косця застаўся з дзецьмі, то яна па-суседску дапамагала яму, прыглядала за малымі. Ксюша гэтая не злазіла ў яго з языка. Я яму кажу: “Ты, глядзі, можа, яна малалетка яшчэ”. Ён адказвае: “Ёй толькі 16, не перажывай, я ўсё разумею”. Ён чакаў, пакуль ёй споўніцца 18 і думаў з ёй ажаніцца. Я чуў, што яна на яго казаць нічога дрэннага не хацела. Але на яе маглі націснуць. Яна хадзіла, уся белага колеру. Да іх прыязджалі ледзь не кожны тыдзень. А праз некалькі месяцаў у Косці дома абшыўку канапы па перыметры выразалі. Напэўна, хацелі нейкія сляды знайсці. Відаць, у справе з SMS зачапіцца не было за што. Хоць, калі Косцю затрымалі, у доме з’явілася былая жонка Айнурка і вадзіла туды мужыкоў на гэту канапу. Чуў, нібыта Ксюша да апошняга бажылася, што на яго нічога не катала. Хоць ніхто з суседзяў на яе не ціснуў. І маці яе Косцю “грузіць” зусім не хацела, жылі ж добра, па-суседску”.

Еўрарадыё: Яго абвінавачваюць яшчэ і ў дэманстрацыі малалетняй парнаграфічнага відэа. На яго старонцы ў сацсетках такіх ролікаў не знаходзім. Вось скажыце, ці любіў Канстанцін “клубнічку”?

Сябар Сіманава: У кожнага другога мужыка ў тэлефоне ёсць нейкія ролікі з інтэрнэта: якія-небудзь дзеўкі з жо..мі, яшчэ што-небудзь.

Еўрарадыё: Пішуць у СМІ, што ён злоўжываў алкаголем.

Сябар Сіманава: Дзесьці два гады таму ён закадаваўся і з тае пары ўвогуле не ўжывае. Атрымалася так. Ён уладкаваўся на Трактарны завод. Але быў такі момант, што з-за п’янкі ён прагуляў працу. І яму паставілі ўльтыматум: ці гарэлка, ці праца. Косцю трэба было падымаць дзяцей. Ён апомніўся, закадаваўся і пачаў мяняць жыццё. Паступова вырашыў заняцца спортам. У дзень, калі яго затрымалі, збіраўся нават купіць гантэлі. А пра яго судзімасць за наркотыкі я нічога не ведаю. У шоку ад гэтай навіны. Калі такое сапраўды было, то гэты факт ён утойваў нават ад мяне.

Эсэмэска пра бомбу вырваная з кантэксту, а пацярпелая ад SMS-мінёра толькі адна?

З’ездзіўшы ў Смалявічы, мы так і не пачулі пра “SMS-мінёра” страшных характарыстык. Хоць сунуліся ў кожную магчымую дзюрку і дагэтуль адкрытыя для гутарак з магчымымі ахвярамі абвінавачанага. Але ці існуюць тыя ахвяры? І ці з’яўляецца сапраўды пацярпелай суседка Ксенія?

Паўстала шмат іншых пытанняў. Ці напісаў абвінавачаны з метро толькі адну вар’яцкую sms “у мяне бомба я ў метро дзе ўзарваць код актывацыі падкажы”? Існуе версія, што пасля ўваходу ў падземку Канстанцін адпраўляў Ксеніі яшчэ нейкія паведамленні. Таму адно агучанае SMS можа быць вырваным з кантэксту.

З такімі пытаннямі звяртаемся ва Упраўленне Следчага камітэта па Мінску.

“Я не магу назваць вам колькасць SMS, я не маю на гэта права. Інфармацыя да мяне паступае ад следчай групы на іх пункт гледжання і ў аб’ёмах, якія яны лічаць патрэбнымі, ― тлумачыць афіцыйны прадстаўнік Упраўлення СК па Мінску Аляксандр Герасімаў. ― Толькі следчы вырашае, што менавіта можна агучыць”.

На пытанне, ці праходзяць па справе іншыя пацярпелыя апроч суседкі Ксюшы, адказу таксама не атрымліваем. Нельга.

Не сталі прыводзіць нейкія больш важкія аргументы і ў Беларускай транспартнай пракуратуры, дзе па справе здзяйснялі нагляд: “Не маем права адказваць на вашы пытанні”.

То бок і ў праваахоўных органах пашыранай інфармацыі ці абгрунтаванняў, што Сіманаў бясспрэчна з’яўляецца небяспечным злачынцам, не атрымліваем.

Суд, з-за ўдзелу у працэсе непаўнагадовай, таксама можа быць закрытым.

Між тым, па справе “SMS-мінёра ўзнікае шмат пытанняў. Калі Сіманаў злачынца, то якім чынам ён, нягледзячы на папярэднюю судзімасць, атрымаў від на жыхарства ў Беларусі? Як спецыялісты з органаў апекі маглі вярнуць такому дрэннаму бацьку дзяцей?

P.S. Рэдакцыя Еўрарадыё мае ўсю неабходную інфармацыю пра крыніцы, прадстаўленыя ў гэтым матэрыяле. Уся прыведзеная інфармацыя пільна правераная. Працягваем сачыць за справай “SMS-мінёра”.

Фотакарткі ўзятыя са старонак Канстанціна Сіманава і Ксеніі Г. у сацыяльных сетках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі