Спроба ўзмацніць цэнзуру: у Кіеве пракаментавалі забарону ў Беларусі канала UA
Кантэнт UA для беларусаў цяпер даступны праз спадарожнік, на сайце, а таксама на старонцы ў YouTube / rus.uatv.ua
У Кіеве звязваюць забарону на вяшчанне ўкраінскага тэлеканала UA у Беларусі "са спробай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніць цэнзуру" ў краіне, "забараніць уласным грамадзянам даведвацца навіны на рускай мове з Украіны". Пра гэта гаворыцца ў каментары дзяржаўнага прадпрыемства "Мультимедийная платформа иновещания Украины" (ГП "МПИУ"), куды ўваходзіць канал UA.
Напярэдадні Міністэрства інфармацыі Беларусі анулявала дазвол на вяшчанне двух украінскіх тэлеканалаў — UA і KVARTAL TV. Падставай для прыняцця гэтага рашэння стала парушэнне дзейнага заканадаўства. У эфіры ўкраінскіх тэлепраграм выявілі рэкламу, не заяўленую пры атрыманні дазволаў на вяшчанне, патлумачылі ў беларускім Мінінфарме.
Але UA "не мае рэкламных блокаў або іншых відаў рэкламных паведамленняў у эфірах", гаворыцца ў паведамленні платформы.
Там таксама адзначылі, што журналісты канала маюць намер працягнуць працу для беларускай аўдыторыі.
"Мы не адступім ад ідэі адкрыць уласны карпункт у Мінску і працягнем нарошчваць магчымасці для пашырэння эфірнага пакрыцця тэрыторыі Беларусі", — сказалі ў ГП "МПИУ". Цяпер кантэнт канала даступны праз спадарожнік, на сайце, а таксама на старонцы ў YouTube.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.