Спявачка і паэтка Кацярына Ваданосава з'ехала з Беларусі
Паэтка і спявачка Кацярына Ваданосава з сям'ёй пакінула Беларусь пад пагрозай крымінальнай справы.
"9 жніўня 2020 года я і падумаць не магла, што роўна праз год мне прыйдзецца тэрмінова, амаль без рэчаў, з двума дзецьмі, без працы, ведання мовы і без планаў на будучыню пакідаць Беларусь, каб выратаваць сябе ад турмы, а дзяцей ад дзіцячага дома. А вось як бывае: аказваецца, так проста запакаваць усё жыццё сям'і ў тры валізкі, абняць маму і ката, расплакацца, потым сабрацца і з'ехаць у невядомасць", — напісала Ваданосава ў Фэйсбуку.
Яна была аўтаркай праграмы "Жывая культура" на тэлеканале "Беларусь 3" і падтрымала пратэсты ў жніўні 2020-га, за што яе звольнілі з БТ. Таксама Кацярына была лідаркай гурта Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra, які граў "менестрэль-рок".
Па яе словах, з Беларусі яны ўсёй сям'ёй з'ехалі ў Кіеў, а адтуль з дапамогай Беларускай рады культуры перабраліся ў Вільню. Муж Кацярыны — інсуліназалежны дыябетак. У іх двое дзяцей: дачка павінна пайсці ў пяты клас, сын — у першы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.