Стабільная Беларусь vs рэвалюцыйная Украіна: дзе лепш Doing business?
У 2012 годзе ў Беларусі на выплату падаткаў трацілі 654 гадзіны супраць 492 гадзін ва Украіне. З таго часу беларускія падаткі "спрасціліся" на 478 гадзінаў, а ўкраінскія — усяго на 136,5 гадзінаў. А ў свежым рэйтынгу Doing business, падрыхтаваным Сусветным банкам, Беларусь займае 37-е месца, а Украіна — 80-е. Дык у якой краіне зараз праводзяцца рэформы?
Беларускія ўлады ўвесь час і на ўсе лады адмаўляюцца рэфармаваць эканоміку. У лютым 2016 года Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яму не патрэбныя рэформы, якія прапануе ўрад. Днямі кіраўнік краіны паўтарыў чыноўнікам сваю думку: "Без навядзення парадку і дысцыпліны, асабліва зараз, мы далёка не рванем. Спыніце ўсе размовы наконт нейкага рэфармавання, яшчэ нечага. Трэба працаваць з тым, што ёсць".
Але ў рэйтынгу, які ацэньвае зручнасць вядзення бізнесу, Беларусь за год "рванула" вельмі адчувальна: з 50-га на 37-е месца. Ва Украіне ж пасля Майдана толькі і размоваў, што пра пераўтварэнні эканомікі. Але ў Doing business яны, наадварот, топчуцца на месцы: былі 81-я, сталі 80-я. Эканаміст, аўтар кнігі "Як падняць украінскую эканоміку" Андрэй Новак галоўнай прычынай гэтага называе супрацьстаянне з Расіяй:
"На акупаванай частцы Данбаса і ў Крыме, часова анэксаваным Расіяй, зараз там немагчыма рэалізаваць сваё права на ўласнасць. Я ўжо не кажу пра працяг эканамічнай, гаспадарчай дзейнасці".
Сапраўды, па індыкатары "Рэгістрацыі маёмасці" Украіна ў свежым Doing business толькі на 63-м месцы, а Беларусь — на хвіліначку! — пятая краіна ў свеце. У рэйтынгу распісана, што зарэгістраваць маёмасць у Беларусі можна за тры дні, зрабіўшы два дзеянні, а каштаваць гэта будзе 5,5 базавай велічыні (115,5 рубля). Што да Украіны, дык там на анагалічную працэдуру трэба выдаткаваць 23 дні і зрабіць за іх сем дзеянняў, а каштаваць гэта будзе больш за 9 тысяч грывен.
"Ва Украіне дагэтуль няма палітычнай стабільнасці, і ўсе працэсы вельмі складаныя, як палітычныя, так і гаспадарчыя. У Беларусі, насупраць, палітычны рэжым хаця і лічыцца напаўдыктатарскім, але ён забяспечвае пэўную палітычную стабільнасць і гаспадарчую прагназуемасць. Праз гэта і розніца ў рэйтынгах", — працягвае Андрэй Новак.
Балючая для эканомікі працэдура банкруцтва ў Беларусі цягнецца 1,5 года і каштуе 20% ад маёмасці прадпрыемства, а ва Украіне — 2,9 года і 42%. Адпаведна — нашае 69-е месца і ўкраінскае 150-е. Але па некаторых пазіцыях Украіна выглядае ў рэйтынгу лепш за Беларусь.
Напрыклад, каб распачаць новы бізнес, у нас трэба пяць дзён, а ў нашых паўднёвых суседзяў — чатыры. Па індыкатары "Падаткаабкладанне" украінцы таксама наперадзе, бо плацяць падаткі ў сярэднім пяць разоў за год, а беларусы — сем разоў. Што праўда, украінцу на выплату падаткаў, ізноў жа ў сярэднім, трэба 355,5 гадзіны за год, а беларусу — усяго 176 гадзінаў. Але Беларусь па зручнасці падаткаабкладання 99-я ў свеце, а Украіна — 84-я.
Ці сведчыць 37-е месца Беларусі ў рэйтынгу Doing business супраць 80-га месца Украіны пра тое, што нашая краіна ў два разы прывабнейшая для інвестараў?
"Вядома, інвестары глядзяць на розныя міжнародныя рэйтынгі. Але, перш за ўсё, кожны інвестар глядзіць, у якой краіне ён можа атрымаць большы прыбытак. Другое — перспектывы роста бізнесу, пажадана — доўгатэрміновыя. Ну і трэцяе — як ён у той ці іншай краіне можа забяспечваць бяспеку свайго бізнесу, як фізічную, так і юрыдычную", — лічыць Андрэй Новак.
З гледзішча прыбытку Украіна выглядае больш прывабнай за Беларусь. Акрамя таго, крэдыты для ўкраінскіх бізнэсоўцаў у пяць разоў больш дасяжныя, чым для беларусаў — 20-е месца ў іх супраць 101-га ў нас. Але частыя змены ў заканадаўстве і карумпаваная судовая сістэма робяць яе непразрыстай у плане перспектываў і нават небяспечнай для бізнесу. Сусветны банк ацаніў беларускую стабільнасць — таму нашая краіна ў рэйтынгу ўдвая вышэй.