Стала вядома пра арышт у Беларусі журналісткі Паліны Піткевіч

Паліна Піткевіч / facebook.com
Стала вядома пра арышт у Беларусі журналісткі Паліны Піткевіч. 7 сакавіка яе крымінальную справу аб удзеле ў "экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК) будзе разглядаць Мінскі гарадскі суд. Ёй пагражае да 4 гадоў "хіміі" ці ад 2 да 6 гадоў калоніі.
Як піша baj.media, КДБ лічыць, што Піткевіч датычная да MediaIQ (праекта "Прэс-Клуба" па павышэнні медыяпісьменнасці), які ў чэрвені 2024-га ў РБ быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Тады ж спецслужба Аляксандра Лукашэнкі называла журналістку сярод удзельнікаў згаданага праекта. Прыкладна ў той жа час акаўнты Паліны Піткевіч апошні раз былі анлайн (відаць, яе затрымалі летам мінулага года).
Піткевіч нарадзілася ў 1994 годзе, скончыла факультэт журналістыкі БДУ (у 2016-м), пісала на культурніцкія тэмы. Яна захаплялася тэатрам і нейкі час грала як актрыса ў Лабараторыі сацыяльнага тэатра ў Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.