Стала вядома, як у Рэчыцы затрымлівалі сяброў Усхопава
Сяброў загінулага Дзмітрыя Усхопава затрымалі ўвечары 3 студзеня, даведалася "Наша Ніва".
Маладыя людзі стаялі каля пад’езда, дзе жыў Усхопаў. Там міліцыянты і затрымалі Аляксандра Снапкова і Іллю Бракарэнку. Аляксей Давыдкоў сышоў сустракаць жонку Ганну. Дзе менавіта затрымалі гэтую сямейную пару, пакуль высветліць не атрымалася. У Давыдковых дома засталіся двое маленькіх дзяцей.
Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманне можа быць звязаная з "наркатычным" артыкулам 328.
Маці Іллі Бракарэнкі сказала журналістам, што не можа звязацца з сынам, але афіцыйнага пацвярджэння затрымання не мае: "Мне ніхто не тэлефанаваў, але звязацца з ім я не магу. Гаварыла з ім апошні раз учора, сёння не".
Маці Аляксандра Снапкова таксама дакладнае не ведае, ці ён затрыманы.
27-гадовы Дзмітрый Усхопаў памёр у навагоднюю ноч пасля затрымання. Афіцыйная версія сцвярджае, што ў яго было моцнае алкагольнае атручэнне і наяўнасць наркотыкаў у мачы. Сваякі Усхопава не вераць у гэта і кажуць, што хлопца моцна збілі ў міліцыі.
На сёння прызначанае пахаванне Усхопава, дзе меліся быць і яго блізкія сябры, якіх цяпер затрымалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.