Стаўка рэфінансавання ў Беларусі павышаецца да 9,25% гадавых
Стаўка рэфінансавання ў Беларусі павышаецца да 9,25% гадавых. Рашэнне праўлення Нацбанка было прынята 15 ліпеня і пачынае дзейнічаць з 21 ліпеня. Стаўка па крэдыце авернайт будзе складаць 10,25% гадавых (цяпер — 9,5%), стаўка па дэпазіце авернайт — 8,25 гадавых (цяпер — 7,5%).
У Нацбанку спасылаюцца на павышэнне інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў, на "рост цэн на сусветных рынкаў тавараў". "Высокая інфляцыя, якая захоўваецца ў краінах-гандлёвых партнёрах разам са значнай нявызначанасцю адносна перспектыў аднаўлення сусветнай эканомікі..., а таксама павялічаным адхіленнем інфляцыі ў Беларусі ад мэтавага ўзроўню можа перашкаджаць запаволенню інфляцыйных працэсаў у краіне", — гаворыцца ў паведамленні. А гэта можа азначаць, што варта чакаць працягу росту інфляцыі.
Нядаўна стала вядома, што гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 9,9%.
Папярэдні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі была павышана з 7,75% да 8,5% гадавых у красавіку "з мэтай абмежавання праінфляцыйных рызык і ўзмацнення мер у галіне кантролю над грашовай прапановай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.