Страх далажыць начальству — адна з прычын разгрому харкаўскай групоўкі РФ
Мінабароны РФ назвала перагрупаваннем адступленне расійскіх войскаў на Харкаўшчыне / калаж photofunia.com
Пакуль войска Расіі каталася на танкавых біятлонах, украінскае камандаванне выбудоўвала структуру ўзаемадзеяння сваіх падраздзяленняў. Сярод найважнейшых фактараў, якія зрабілі паспяховым вераснёўскі наступ УСУ, — загадзя наладжаная сістэма сувязі і аператыўнае прыняцце рашэнняў на месцах.
Чаму на вайне жыццёва неабходна своечасовае інфармаванне і чаму страх расійскіх афіцэраў дакладваць дрэнныя навіны адгукнуўся для РФ разгромам харкаўскай групоўкі, расказвае ваенны аглядальнік Ігаль Левін.
Лагістыка і сувязь на вайне — гэта база
Поспех ваенных дзеянняў грунтуецца не толькі на бравых салдатах і сучасных танках. Напрыклад, сярод асноўных складнікаў перамогі велізарную ролю адыгрывае лагістыка, хоць пра працу транспартнікаў і тылавікоў пішуць куды радзей, чым пра атакі сіл спецыяльных аперацый (ССА) або працу артылерыстаў.
Калі танкі своечасова не заправіць палівам, салдат не апрануць і не накарміць, не забяспечыць войскі боепрыпасамі, то армія папросту не будзе баяздольная, якой б кваліфікаванай яна ні была.
— Другі (і вельмі важны) падмурак — гэта сувязь, — расказвае на сваім ютуб-канале Ігаль Левін. — Калі ў вас не працуе сувязь, то вы не можаце каардынаваць узаемадзеянне паміж войскамі. Яны злучаныя паміж сабой ланцужкамі, паміж падраздзяленнямі ідзе абмен інфармацыяй, у тым ліку і па каманднай іерархіі. Гэта значыць, усё гэта ідзе наверх. Калі няма каардынацыі, то ўсё гэта не працуе. А калі праціўнік наступае, граміць вашы сілы, абкружае, то гэта ўсё не проста не працуе, а развальваецца.
Праз страх далажыць наверх страцілі Харкаўшчыну
Наладзіць структуру сувязі — не значыць купіць рацыі і раздаць усім запар. Ваенны аглядальнік нагадвае, што расійскія войскі да гэтага часу не могуць у аператыўнае інфармаванне і становяць сабой "пацёмкінскае войска", у якім камандзіры ўсіх звёнаў баяцца паведаміць начальству пра праблемы, якія ўзнікаюць.
— Яшчэ Клаўзэвіц казаў, што ў камандзіра павінны быць дзве храбрасці. Першая — храбрасць непасрэднага камандзіра на полі бою. Пайсці першым, падняць людзей і быць з імі. Не баяцца, не ўцячы, не запанікаваць, хутка прымаць рашэнні, — тлумачыць Ігаль Левін. — Другая — храбрасць перад вышэйшымі, здольнасць дакладваць ім непрыемныя і дрэнныя рэчы. І яшчэ храбрасць прымаць рашэнні, якія могуць быць лёсавызначальнымі, за якія вы будзеце адказваць сваёй галавой.
Уявім сабе сітуацыю [датычна харкаўскага прарыву] ў вельмі спрошчаным варыянце. Да вас паступае інфармацыя пра тое, што фронт прарваны. Наступ імклівы. Гаворка ідзе пра тое, што літаральна за хвіліны, за гадзіны вораг займае тэрыторыю.
І вось такая сітуацыя ў выпадку аднаго камандзіра: яму паступае гэтая інфармацыя, ён павінен адразу яе перадаць наверх. Ён разумее, што гэтая інфармацыя фактычна пра крах, пра разбурэнне. У вас няма ніякіх магчымасцяў, няма рэзерваў, вам няма чаго рабіць. Афіцэр будзе думаць (умоўна) паўгадзіны, як гэта паведаміць. За час, пакуль ён думае, дзясяткі кіламетраў ужо пройдзеныя [праціўнікам]. Гэта спрошчаны варыянт, таму што мы разумеем, што гэта не адзін камандзір і не адзін ланцужок камандавання. Ёсць вялікая сістэма з разнастайнымі палкоўнікамі аж да вярхоў Міністэрства абароны.
— У іншых войсках у военачальнікаў ёсць адказнасць непасрэдна на месцы, — падкрэслівае Ігаль. — Калі яны арганізуюць нейкі ўчастак, то там ёсць рэзервы. Рэзерв існуе менавіта для гэтага. Калі вораг прарваў вашы сілы, вы кідаеце рэзервы, выбудоўваеце новыя эшалоны абароны.
Каб усё гэта адбывалася, рашэнні павінны прымацца маментальна. І вось у вас [у выпадку з войскам РФ] няма нармальнай сувязі, у вас ёсць страх перадаваць інфармацыю далей. Усё разам гэта грымучая сумесь, якая прыводзіць да таго, што ў вас паралізуецца ўвесь фронт, тысячы квадратных кіламетраў. Калі вы малодшы афіцэр, то ў гэтай сітуацыі атрымаць загад вам няма ад каго, няма адкуль. Вам кажуць, што прыйдзе падмога, але яе няма. Аператыўны прастор, пустата, бо ліній абароны не было. І ўкраінскія сілы рухаюцца наперад.
Калі сувязь не працуе, то і контрнаступ разваліцца
А можа быць так, што ўкраінцам на Харкаўскім кірунку проста пашанцавала? Ірванулі наўгад, і атрымалася адагнаць расіян да іх межаў. Можа, сувязь і ўсё астатняе тут ні пры чым?
— Сам факт правядзення такой аперацыі на вялікім участку, на тысячах квадратных кіламетраў, сам такі прарыў немагчымы без добрай сувязі, — кажа Ігаль Левін. — Уявіце сабе: вы — камандзір роты, у вас ёсць узводы. Яны вырываюцца наперад, і, калі вы іх не кантралюеце, яны пачнуць "фрэндлі файр" [могуць памылкова пачаць страляць адзін па адным]. Камандзір батальёна, у сваю чаргу, павінен ведаць, дзе знаходзяцца роты, куды яны рухаюцца. Калі ў вас сувязь не працуе, у вас усё гэта проста "паляціць" і не будзе працаваць. Важны крытэр для контрнаступу — гэта сувязь, якая добра працуе. Той факт, што Украіна праводзіць паспяховы контрнаступ, кажа пра тое, што сувязь наладжаная.
— Цяпер вайна манеўраная, механізаваная, — працягвае ваенны аглядальнік. — Яна патрабуе гнуткасці. Праходзіць велізарная плынь інфармацыі, якая ляціць з велізарнай хуткасцю. У такіх рэаліях хвіліна — гэта процьма часу. Усе бачылі ролік, дзе ў сяло ўлятаюць на "Хамві" ўкраінскія часці. Паліваюць агнём, спешваюцца, бяруць сяло. З моманту, як яны пачалі набліжацца да сяла, прайшла хвіліна-дзве-тры — і ўсё. І ўявіце, што да вас даходзіць інфармацыя і вы павінны за хвіліну прыняць рашэнне. А за гадзіну ўжо мяняецца ўся карціна на полі бою. Усё, што вам далажылі, праз гадзіну ўжо неактуальнае.
"Робаты фёдары" замест рэформаў у войску
Парады і першыя месцы на армейскіх гульнях так і не дапамаглі Расіі спыніць спланаваны ўкраінскі наступ.
— Калі б у Расіі сапраўды займаліся рэформамі ў войску, то трэба было б рабіць упор на сувязь, забеспячэнне. Гэта падмурак. Але грошы ішлі на разнастайныя паказушныя танкі тыпу "Арматы", на "робатаў фёдараў" і гэтак далей. Таму што гэта можна паказаць на парадзе. Гэта відаць, гэта прыгожа. Калі вы займаецеся сувяззю, то як вы гэта пакажаце? Што едуць грузавікі на парадзе з нейкімі партатыўнымі рацыямі на грузавіках? А ўсім выдаць біноклі, каб яны гэтыя рацыі разглядалі?
Усе важныя структурныя змены, якія мяняюць войска, робяць яго сапраўды эфектыўным, яны [ў войску РФ] не праводзіліся, — рэзюмуе Ігаль Левін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.