Стралкову (Гіркіну) не ўдалося паваяваць ва Украіне

Ігар Стралкоў (Гіркін) на Данбасе, восень 2022-га / Telegram
Ігар Стралкоў (Гіркін) на Данбасе, восень 2022-га / Telegram

Камандзіру групы расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўніку ФСБ у адстаўцы Ігару Стралкову (Гіркіну) не ўдалося паваяваць ва Украіне. Ён паведаміў, што ўжо вярнуўся ў Маскву.

З кастрычніка Стралкоў быў на Данбасе, запісаўся ў шэрагі "Узброеных сіл ДНР". Фармальна ён быў звычайным салдатам. Ужо на пачатку даведаўся, што камандаванне незадаволенае яго з'яўленнем. Працяглы час Ігар Стралкоў з падраздзяленнем знаходзіўся на палігоне. У лістападзе групу яго батальёна перакінулі пад Сватава, дзе ідуць зацятыя баі (украінцы пра гэтага ведалі і прызначалі за яго вялікія прэміі). Каля 10 дзён ён "спрабаваў здзяйсняць абавязкі начальніка штаба батальёна". Пад абстрэл пашчасціла не трапіць. Далей Стралкоў зноў апынуўся на палігоне.

А ў канцы лістапада Ігар Стралкоў даведаўся, што не лічыцца ў штаце падраздзялення. Яму ўдалося высветліць, што пад ціскам "зверху" яго са спісаў выключылі ўжо праз дзень і ніякімі загадамі гэта не афармлялася. У выніку ён паўтара-два месяцы "незаконна" быў у падраздзяленні, са зброяй, выязджаў на фронт. Камандаванне пра гэта ведала, але яму нічога не паведаміла.

У такой сітуацыі Стралкоў здаў зброю і боепрыпасы, ды ўвечары 5 снежня вярнуўся ў Маскву.

Адстаўны палкоўнік ФСБ летам сёлета за крытыку ўладаў Расіі быў звольнены з працы. 

У лістападзе Гаагскі суд завочна прысудзіў Стралкова (Гіркіна) на пажыццёвае зняволенне за дачыненне да збіцця ракетай у 2014-м пасажырскага самалёта "Боінг" MH-17 у небе над Данбасам (тады загінулі амаль 300 чалавек).

Стралкову (Гіркіну) не ўдалося паваяваць ва Украіне

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі