Стывен Сігал збіраецца купіць цэлы паверх у "Маяку Мінска"
Стывен Сігал збіраецца купіць цэлы паверх у "Маяку Мінска". Падчас нядаўняга візіту знакамітаму амерыканскаму акцёру спадабаваліся і беларуская сталіца, і праект шматфункцыянальнага комплексу, інфармуе БЕЛТА.
"Мне вельмі спадабаўся дом "Пікаса", — цытуе словы Сігала БЕЛТА. — З яго вокнаў адкрываецца выдатны від на Нацыянальную бібліятэку, парк і бульвар Пікаса. Я забраніраваў тут ўвесь жылы паверх".
Сігал прызнаецца, што ўражаны праектам "Маяк Мінска", яго канцэпцыяй сучаснага горада, якая ўключае ў сябе буйныя гандлёвы і бізнес-цэнтры, школу і дзіцячыя садкі. Падчас наведвання офіса кампаніі Dana Holdings, якая рэалізуе праект "Маяк Мінска", Сігал заявіў, што бачыў падобнае толькі ў Сінгапуры, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і ў Фларыдзе. Паводле яго слоў, яго знаёмыя і сябры разглядаюць варыянты шматмільярдных інвестыцый у падобныя праекты ў Беларусі.
Беларускую сталіцу акцёр назваў самым прыгожым горадам з усіх, якія ён калі-небудзь наведваў. І гэта пры тым, што Стывен Сігал паспеў ужо аб'ехаць практычна ўвесь свет. Да таго ж, ён прызнаўся, што яго карані — у Беларусі, праўда, падрабязнасці свайго радаводу не паведаміў.
Як паведамляла Еўрарадыё, падчас наведвання Беларусі Стывен Сігал быў госцем Аляксандра Лукашэнкі, які частаваў яго морквай з зямлі, якую асабіста пачысціў. Кіраўнік Беларусі падараваў яму корцік, кнігу і льняную тканіну.