Суд абавязаў Навальнага выдаліць расследаванне "Ён вам не Дзімон"
Відэазварот Алішэра Усманава да Навальнага / кадр Youtube
Люблінскі раённы суд Масквы прызнаў несапраўднымі некалькі публікацый Фонду барацьбы з карупцыяй і Аляксея Навальнага пра мільярдэра Алішэра Усманава і абавязаў адказчыкаў выдаліць гэтую інфармацыю, паведамляе "Новая газета".
Мільярдэр падаваў пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, аднак фінансавых патрабаванняў не заяўляў. Па рашэнні суда адказчыкі павінныя на працягу 10 дзён выдаліць дадзеныя з сайта, Фэйсбука і Youtube, а таксама апублікаваць абвяржэнне цягам трох месяцаў.
Прэтэнзіі мільярдэра тычыліся 12 матэрыялаў, у прыватнасці, пра нібыта хабар Дзмітрыю Мядзведзеву ў выглядзе зямельнага ўчастка з сядзібай у пасёлку Знаменскае, хабар першаму віцэ-прэм'еру Ігару Шувалаву, утойванне падаткаў, асуджэнне за згвалтаванне, незаконнае завалоданне горна-ўзбагачальным камбінатам і ўвядзенне цэнзуры ў выдавецкім доме "Коммерсант".
Абарона Навальнага ў судзе настойвала на тым, што патрабаванні Усманава не падлягаюць задавальненню, бо галоўная мэта судовага разбіральніцтва — прымусіць ФБК выдаліць фільм "Ён вам не Дзімон".
Сам Навальны пасля паседжання заявіў, што не збіраецца выдаляць ролік і выконваць рашэнне суда, і заклікаў прыхільнікаў "яшчэ мацней змагацца з сістэмай".
Суд обязал меня удалить расследование "Он вам не Димон". Да, конечно. Спешу и падаю. Это исключается полностью.
— Alexey Navalny (@navalny) 31 мая 2017 г.
Раней Аляксей Навальный ў сваім блогу паведаміў, што ў першы дзень працэсу да справы па хадайніцтве боку пазоўніка была далучаная даведка з падатковай службы, з якой вынікае, што ў 2015-2016 гадах бізнесмен быў падатковым рэзідэнтам Расіі, а значыць, не павінен плаціць падаткі ў Швейцарыі.
Апазіцыянер указвае на тое, што ў кастрычніку 2016 года холдынг USM паведаміў, што Усманаў правёў у Расіі менш за 183 дні ў годзе, а таму не пацвердзіў статус падатковага рэзідэнта.
Сяргей Лебядзенка, "Новая газета"