Суд адмовіўся скараціць тэрмін экс-намесніку кіраўніка Мінска Дамарацкаму

Суд адмовіўся скараціць тэрмін экс-намесніку кіраўніка Мінска Дамарацкаму

20 траўня ў Мінскім гарсудзе разглядалі пратэст Генпракуратуры на прысуд экс-намесніку старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага. Экс-чыноўнік быў асуджаны на 7 гадоў за карупцыю. Пракуратура прасіла выключыць з абвінавачання адзін з артыкулаў і скараціць тэрмін зняволення на паўгода. Аднак суд адхіліў пратэст, піша TUT.by. 

Дамарацкага судзілі ў 2019 годзе і прызналі вінаватым па трох карупцыйных артыкулах. Сам ён сваёй віны на судзе не прызнаў. 

У судзе былі агучаныя тры эпізоды. Дамарацкага вінавацілі ў атрыманні хабару ў 2,5 тысячы долараў за дапамогу ў размяшчэнні летняй кавярні Golden coffee на вуліцы Кірава ў Мінску. 

Другі эпізод абвінавачання — злоўжыванне ўладай. Ад загадаў, якія аддаваў Дамарацкі, бюджэт горада не атрымаў каля 4 мільёнаў рублёў. Насамрэч, гэтыя грошы пайшлі на пагашэнне крэдыту за будаўніцтва гандлёвага цэнтра "Сталіца", які належыць гораду. Крэдыт на будаўніцтва брала галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку (ГУСР), гарантам быў Мінгарвыканкам. Грошы ў выніку паступілі ў гарадскі бюджэт. 

Трэцім эпізодам было незаконнае атрыманне прэміі на суму каля тысячы долараў за штучна завышаныя паказчыкі работы ГУСР. Прэмію ўзгадніў тагачасны кіраўнік Мінска Андрэй Шорац. Але да яго ў праваахоўных органаў прэтэнзій не было. Дамарацкі вярнуў прэмію за два месяцы да затрымання, калі пабачыў, што не сыходзяцца паказчыкі. Бухгалтарка прыняла грошы, што дакументальна пацверджана.

Спярша суд Цэнтральнага раёна прысудзіў Дамарацкага да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пасля апеляцыі Мінгарсуд скараціў тэрмін да 7 гадоў.

Адвакат Дамарацкага звярнуўся ў Генпракуратуру, якая дадаткова вывучыла справу і вынесла пратэст на прысуд. На думку пракурорскіх работнікаў, у дзеяннях Дамарацкага з прэміяй не было складу злачынства: чыноўнік не сам сабе прызначыў прэмію і не сам вызначыў яе памер. Таму пракуратура прасіла выключыць гэты пункт абвінавачання і на паўгода скараціць тэрмін зняволення асуджанага — да 6,5 года. Аднак Мінгарсуд адмовіў у задавальненні пратэсту. 

Абаронца Дамарацкага Аліса Асмалоўская плануе звяртацца ў Вярхоўны суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі