Суд ЕС пастанавіў, што ўлады Польшчы вінаватыя ў высечцы Белавежскай пушчы
Суд Еўрасаюза пастанавіў, што ўлады Польшчы вінаватыя ў высечцы Белавежскай пушчы і ў парушэнні законаў ЕС. У дакуменце адзначаецца, што мерапрыемствы, якія праводзілі польскія ўлады, могуць прывесці да знікнення часткі ўнікальнага аб’екту (ён уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА). Раней польскія ўлады спрабавалі пераканаць Брусель, што праводзяць санітарную высечку, змагаюцца з жуком-караедам (планавалася высекчы больш за мільён дрэваў). Аднак Еўракамісія падтрымала эколагаў і летам 2017-га падала іск у суд ЕС, а ён яшчэ да разгляду справы высечку дрэваў у Белавежскай пушчы забараніў (у пазіцыі польскага боку выявілася шмат слабых месцаў, напрыклад, не было абмежаванняў па ўзросце дрэваў).
У лютым сёлета польскія чыноўнікі паведамілі, што секчы дрэвы там больш не будуць. Цяпер ужо дакладна.