Суд над Леанідам Судаленкам будзе закрыты — у справе 77 тамоў
Суд над праваабаронцам "Вясны" Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка будзе закрыты, паведамляе "Вясна".
Іх справу пачаў разглядаць 3 верасня суд Цэнтральнага раёна Гомеля.
Усіх траіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забяспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу разглядае суддзя Сяргей Салоўскі.
Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца пад вартай у СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Ласіца. У дачыненні да Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і падпіскі аб нявыездзе.
Па справе было апытана больш за 200 сведак, а матэрыялаў назбіралі 77 тамоў.
Раней Еўрарадыё паведамляла, што Судаленка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. У сваіх лістах праваабаронца пералічыў, за якія "эпізоды" яго збіраюцца судзіць:
- прывёз дровы дзецям, бацьку якіх пасля асудзілі за "беспарадкі";
- пракаментаваў відэаблогеру пратэсты, што праходзяць у краіне;
- заклікаў у сацсетках сустрэць жанчыну, якую вызвалялі пасля 15 сутак арышту;
- правёў семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
- аплачваў штрафы, пошліны за зварот у суд і дапамогу адвакатаў для пацярпелых ад рэпрэсій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.