Суд не задаволіў пазоў студэнтаў, якіх адлічылі з універсітэта культуры
Дзевяць былых студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў падалі ў суд на сваю ўстанову. Яны патрабавалі аднавіць іх навучанне, піша TUT.by.
Студэнтаў адлічылі за падзеі 26 кастрычніка. Тады яны сышлі з пары, каб пагаварыць з нядаўна прызначаныай рэктаркай Наталляй Карчэўскай. На наступны дзень студэнты даведаліся, што іх адлічылі з фармулёўкай "за грубае / сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку".
Адлічаных набралося 17 чалавек. Аднак толькі дзевяць з іх вырашылі адстойваць свае правы ў судзе. Яны прасілі прызнаць загад аб адлічэнні незаконным і аднавіць іх. Гэта студэнты розных курсаў — ад другога да чацвёртага, апошняга. Хтосьці даведаўся пра загад аб адлічэнні ўвечары 27 кастрычніка, іншыя — толькі на наступную раніцу, калі прыйшлі на заняткі, а іх пропускі былі заблакаваныя.
Справа разглядалася ў кастрычніцкім судзе Мінска, вяла працэс Ірына Мітраховіч.
31 снежня — пасля трох пасяджэнняў — суд адмовіў студэнтам у іх патрабаваннях. "Заслухаўшы бакі і пісьмовыя доказы, суд прыйшоў да высновы аб тым, што падставаў для прызнання загадаў незаконнымі не маецца па прычыне адсутнасці з боку адказчыка парушэнняў нормаў заканадаўства, якія рэгулююць парадак, працэдуру, падставы для адлічэння студэнтаў з вышэйшай навучальнай установы", — прыводзіць TUT.by рашэнне суда.
Па словах адваката Сяргея Зікрацкага, студэнты плануюць абскардзіць пастанову ў Мінскім гарадскім судзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.