Суд па экстрадыцыі Сафіі Сапега перанеслі з Масквы ў Смаленск

Сафія Сапега (злева) на судзе / БЕЛТА
Сафія Сапега (злева) на судзе / БЕЛТА

Суд па экстрадыцыі Сафіі Сапега перанеслі з Масквы ў Смаленск — па месцы яе апошняга пражывання. Такое рашэнне прыняла суддзя Прэсненскага суда Масквы, паведамляе "Медыязона".

Дата наступнага пасяджэння пакуль невядомая.

Суд па экстрадыцыі Сафіі Сапега з Беларусі ў Расію пачаўся 24 траўня і адразу быў адкладзены, каб пракуратура змагла азнаёміцца з хадайніцтвамі абароны. Адвакат прасіў перанесці суд у Прымор'е, бо Сапега зарэгістраваная на востраве Рускі. Але высветлілася, што насамрэч яна зарэгістраваная ў Смаленску.

У Беларусі расіянку Сафію Сапега затрымалі ў траўні 2021 года разам з экс-галоўрэдам Nexta Раманам Пратасевічам, калі ўлады прымусова пасадзілі самалёт кампаніі Ryanair.

Дзяўчыну, якая была адмінам "Чорнай кнігі Беларусі", асудзілі на 6 гадоў калоніі. Яе прызналі вінаватай у распальванні варожасці (ч. 3 арт 130 КК) і незаконным збіранні інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 1 арт. 179 КК).

14 красавіка Генпракуратура задаволіла хадайніцтва Соф'і аб перадачы яе ў Расію для далейшага адбыцця пакарання. У памілаванні ёй адмовілі.

Пратасевіча 3 траўня асудзілі на 8 гадоў калоніі. 22 траўня яго памілаваў Лукашэнка.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі