Суд у Мінску раскалоў прыхільнікаў дэкрыміналізацыі наркотыкаў
Фота: Еўрарадыё
2 студзеня ў Мінску пачынаецца суд над удзельнікамі вечарыны з псіхатропамі, на якой загінула 19-гадовая студэнтка. Нягледзячы на тое, што паседжанне прызначылi адразу пасля навагодніх святаў, ужо за 15 хвілін да пачатку фае суда Першамайскага раёна забіта людзьмі. Бліжэй да 15:00 ля ўваходу ў будынак выстройваецца чарга. У асноўным тут моладзь: сябры і знаёмыя абвінавачаных.
"Нельга за гэта судзіць", — кажа адзін з тых, што стаяць у чарзе. Іншы, які прадставіўся Стасам, разважае: калі б палітыка дзяржавы ў дачыненні да тых, хто ўжывае наркотыкі, не была такой рэпрэсіўнай, трагедыі можна было б пазбегнуць.
"Трэба усведамляць, што за рэчыва ты ўжываеш, як яно дзейнічае, ці можна сумяшчаць яго з нейкімі лекамі. У нашай краіне людзі ў гэтым неграматныя", — кажа ён.
Трагедыя адбылася 4 жніўня 2018 года. Восем маладых людзей сабраліся на вечарыне ў гонар нечага дня нараджэння. Дарослых у кватэры не было. Усе разам яны ўжылі псіхатроп (сёння ў зале суда гэта не гучала, але гаворка ідзе пра экстазі). 19-гадовай дзяўчыне, гаспадыні кватэры, стала дрэнна. Ёй выклікалі "хуткую", але выратаваць яе не ўдалося.
Толькі адзін абвінавачаны сядзіць у клетцы
Зала занадта малая, каб змясціць усіх жадаючых, таму частка тых, хто прыйшоў застаюцца на вуліцы. Некаторыя абыходзяць будынак суда і зазіраюць у вокны залы, дзе праходзіць паседжанне, каб хоць так ўбачыць, што адбываецца ўнутры.
Семярым фігурантам справы ад 17 да 21 года. Толькі адзін з іх — 21-гадовы Антон Б. — сядзіць у клетцы, астатнія двое хлопцаў і чацвёра дзяўчат — на пярэдніх шэрагах, разам са слухачамі.
Бацькі хлопца, які сядзіць за кратамі, не разумеюць чаму пад вартай знаходзіцца толькі ён. Пасля пасяджэння яны раскажуць Еўрарадыё, што ён ужо правёў у СІЗА больш за тры месяцы. Суддзя адхіляе іх хадайніцтва аб змене меры стрымання.
Кошт жыцця — 136 рублёў
Абвінавачаныя распавядаюць пра сябе: хтосьці вучыцца ў Акадэміі музыкі, хтосьці ходзіць на курсы па акадэмічным малюнку і па дызайне ... Іх галасы гучаць у зале суда няўпэўнена, а самі яны зусім не падобныя ні да наркадылераў з кіно, ні да непрытомных нарказалежных.
"Мелі намер, дзейнічалі па папярэдняй змове і з размеркаваннем роляў. Купілі псіхатропнае рэчыва масай не менш за 2 грамаў", — зачытвае абвінавачанне пракурор. Па версіі следства, адна з дзяўчын — Сафія З. — сабрала з кампаніі 136 рублёў, грошы перадалі прадаўцу. Абвінавачаныя атрымалі адрас закладкі: рэчыва знайшлі ў тайніку ў лясным масіве. Скрутак перавезлі на грамадскім транспарце. З дапамогай хатніх вагаў размеркавалі змесціва на 16 капсул — па дзве на кожнага.
Адвакат адной з абвінавачаных настойвае, каб суд праходзіў у закрытым рэжыме, бо большасць абвінавачаных — непаўналетнія. І гэтае хадайніцтва суд адхіляе.
Аператары дзяржаўных тэлеканалаў здымаюць працэс на камеры. І толькі праз час аб'яўляецца, што весці відэаздымку забаронена. Слухачы абураюцца: бо рэпартаж ўжо знялі! Суддзя Аляксандр Сяргей, не звяртаючы ўвагу на шум, працягвае пасяджэнне, аператары хутка сыходзяць.
Арэшкі і прыправы вельмі дарэчы
Мама хлопца, які сядзіць за кратамі, малюе ў сшытку яго партрэт — яна не бачыла сына тры месяцы. Канвой робіць ёй заўвагу: "Нельга". Ніякіх тлумачэнняў. Жанчына пакорліва хавае сшытак.
На падставе часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса абвінавачаным пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Чацвёра фігурантаў справы цалкам прызнаюць віну, адзін не згодныя, двое прызнаюць віну часткова (не згодныя, што дзейнічалі па папярэдняй змове, а таксама з заяўленай следствам масай рэчывы). Сярод апошніх — хлопец, які сядзіць за кратамі. Відаць, што ён спрабуе трымацца бадзёра. У зале — сябры і бацькі. Хто-небудзь з знаёмых зазірае ў акно, абвінавачаны яму падміргвае. Канваір робіць заўвагу. Жалюзі на вакне шчыльна закрываюць.
"Спачатку сядзеў на Валадарскага, — успамінаюць яго родныя. — Умовы жудасныя. Разам з ім у камеры, разлічанай на 15 чалавек, было 22. Затым яго перавялі ў Жодзіна на тры тыдні, потым зноў вярнулі на Валадарскага, але ўжо з больш прымальнымі ўмовамі".
Увесь гэты час сувязь з блізкімі хлопец падтрымліваў толькі праз лісты. У асноўным ён падбадзёрваў бацькоў, пра падрабязнасці таго, што здарылася нічога не расказваў. Праз адваката сям'я даведалася, што арэшкі і прыправы, якія яму перадавалі, аказаліся вельмі дарэчы: маўляў, іх хаця б можна было дадаваць у кашы, якімі кормяць у СІЗА.
Выбарачная лаяльнасць?
Паседжанне хутка заканчваецца. 3 студзеня ў 11.00 яно працягнецца допытам абвінавачаных і сведак.
Ля дзвярэй суда мамы з "Руху маці 328" сварацца з хлопцамі з руху "Legalize Belarus". Жанчыны дзівяцца выбарачнай лаяльнасці правасуддзя. На іх думку, тым, каго ў такой сітуацыі судзілі ў 2013-2017 гадах, следчыя лёгка маглі "прышыць" распаўсюд. А раз ад наркотыкаў загінула дзяўчына, ў абвінавачванні павінна быць не першая, а пятая частка артыкула 328, максімальная санкцыя па якой — ад 12 да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Але пазней прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова тлумачыць, што расследаванне па частцы 5 артыкула 328 КК яшчэ не скончана. Праўда, праходзяць па ім не тыя сямёра хлопцаў і дзяўчат, якіх сёння пачалі судзіць, а неўсталяваны пакуль наркадылер.
"Удзельнікам вечарыны прад'яўленае абвінавачанне па частцы 1 артыкула 328 КК, а іх крымінальны пераслед па частцы 5 указанага артыкула спынены, паколькі следчыя ўстанавілі, што маладыя людзі набылі псіхатроп для сумеснага ўжывання ў ходзе святкавання дня нараджэння аднаго з членаў іх кампаніі, але не ажыццяўлялі яго збыт", — тлумачыць Ганчарова. І дадае, што мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту прымянялася не толькі ў дачыненні да Антона Б., але і да дзвюх непаўналетніх дзяўчат, якія фігуруюць у справе.
У першым паўгоддзі 2018 гады за ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, у Беларусі асуджана 1276 чалавек. З іх 871 чалавек — па частцы 1 артыкула 328, і толькі 1 чалавек — па частцы 5 гэтага артыкула.