Суддзя КС: Магчымая судовая памылка — аргумент супраць смяротнага пакарання

Міжнародную канферэнцыю супраць смяротнага пакарання суддзя Канстытуцыйнага суда Станіслаў Данілюк распачаў з гісторыі, якая адбылася ў 1980-х гадах. Тады следчы, каб дапамагчы правасуддзю, падвёў пад смяротнае пакаранне невінаватага чалавека.

"Я працаваў ва УУС Мінгарвыканкама. Нас сабралі на нараду і расказалі пра спосабы штучнага стварэння доказаў з боку супрацоўнікаў".

Аператыўнік быў упэўнены, што чалавек, які даўно стаіць у міліцыі на ўліку, сапраўды злачынца. Але доказаў следства не знайшло. Таму той вырашыў дапамагчы правасуддзю. Падаслаў да падазраванага свайго чалавека з бутэлькай. Пасля гэту бутэльку з адбіткамі падкінулі на месца злачынства ў лес. Падчас паўторнага агляду яе знайшлі, а чалавеку вынеслі смяротны прысуд.

"Для мяне галоўны аргумент — судовая памылка", — сказаў Данілюк, але адзначыў, што ўсе яго словы — гэта асабістае меркаванне.

Дарэчы, падчас апошняга апытання высветлілася, што праціўнікі смяротнага пакарання больш адказныя і сацыялізаваныя людзі. Яны часцей за іншых выступаюць супраць пакупкі скрадзенага і праезду "зайцам" у грамадскім транспарце, кажа кіраўнік Беларускага хельсінскага камітэта Алег Гулак.

“Гэта група людзей, якая вызначаецца большай сацыялізацыяй. Людзі больш схільныя да сацыяльнай адказнасці, да правапаслухмяных паводзінаў. Найбольш схільныя да супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі ў справах расследавання злачынстваў".

Станіслаў Данілюк тлумачыць, чаму на рэферэндуме беларусы падтрымалі смяротнае пакаранне. Справа у тым, што тады не было пажыццёвага зняволення. Сёння ёсць, але з агаворкай. Згодна з заканадаўствам, асуджанаму на пажыццёвае, улічваючы яго паводзіны і стан здароўя, пасля 20 гадоў зняволення можна замяніць далейшае адбыванне пакарання на пазбаўленне волі на пэўны тэрмін, але не больш, чым на 5 гадоў.

"Наўрад ці асуджаны на пажыццёвае будзе парушаць парадак, але гэта, на мой погляд, не з'яўляецца паказчыкам выпраўлення злачынцы. Здароўе? А хто з нас абсалютна здаровы? Ёсць недаабследаваныя".

Такім чынам, асуджаны на пажыццёвае можа адседзець менш, чым той, каму далі 30 гадоў. А ў 2017 годзе перад намі паўстане праблема прымянення часткі 4 артыкула 58.


Былы генеральны пракурор і старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч адзначае, што наш Крымінальны кодэкс першапачаткова настроены на жорсткасць. І частыя амністыі — таксама паказчык гэтай суровасці. У свой час Канстытуцыйны суд пад кіраўніцтвам Васілевіча выказаўся за паступовую адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Чаму ж у 1996 годзе людзі не выказаліся супраць смяротнага пакарання?

"Людзі былі больш заклапочаныя зменамі ў Канстытуцыю, а не смяротным пакараннем. Працы ніякай не праводзілася, і гэта таксама прычына, чаму большасць выказалася за смяротнае пакаранне".

Як прыклад пазітыўных тэндэнцый, Васілевіч прыводзіць 2012 год, за які не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду. І калі дзяржава здольная сама ўплываць нейкімі рэсурсамі на злачыннасць, то тады можна ісці да адмены смяротнага пакарання.

Адмена смяротнага пакарання — гэта не проста даніна еўрапейскім каштоўнасцям, лічыць Алег Гулак.

"Гэта проста карысна для грамадства. Гэта не проста даніна патрабаванням Савета Еўропы. Гэта важна, але, на маю думку, яшчэ важней — тое што гэта карысна для нас, для грамадзян, для грамадства, для дзяржавы. І гэта трэба ўлічваць дзяржаве. Карысна рухацца ў бок гуманізацыі".

Цікава, што канферэнцыя супраць смяротнага пакарання была вельмі прадстаўнічай. Акрамя праваабаронцаў, адвакатаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў розных рэлігій у ёй удзельнічала шмат прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацый — пракуратуры, Канстытуцыйнага суда, Нацыянальнага сходу. У апошні момант ад удзелу адмовіўся Вярхоўны суд.

Фота: facebook.com/Барыс Гарэцкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі