Супраць Анжалікі Борыс пачалі крымінальную справу

Анжаліка Борис / hrodna.life
Анжаліка Борис / hrodna.life

Старшыня неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс стала фігуранткай крымінальнай справы, пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Генеральнай пракуратуры.

Справа пачатая па ч.3 арт. 130 КК РБ, "наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб".

Паведамляецца, што справа пачатая ў дачыненні да Барыс і "іншых асоб" — сябраў Саюза палякаў Беларусі. Як растлумачылі ў пракуратуры, фігуранты за некалькі гадоў правялі ў Гродне і вобласці "шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці". 

У пракуратуры лічаць, што гэтыя мерапрыемствы праводзіліся з мэтай "рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа".

Нагадаем, Анжаліка Борыс была затрыманая 22 сакавіка ў Гродне за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — свята рамеснікаў "Казюкі". Яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яшчэ да разгляду справы ў судзе ў МЗС Польшчы быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі, дыпламату перадалі патрабаванне неадкладна вызваліць Борыс.

Раней беларуская пракуратура таксама хадайнічала аб ліквідацыі "Польскай школы" ў Брэсце. Кіраўніца школы Ганна Панішава таксама была затрыманая. Вынікам гэтай гісторыі стала высылка шэрагу дыпламатаў з Мінска і Варшавы.

У чацвер, 25 сакавіка, стала вядома, што сілавікі прыйшлі з ператрусам дадому да актывіста Саюза палякаў і гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута. Акрамя таго, паведамляе Белсат, праваахоўнікі прыйшлі і ў польскую грамадскую школу і офіс Саюза палякаў у Гродне, а таксама да кіраўніцы лідскага аддзела Саюза палякаў Ірэны Бярнацкай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі