Супраць Трампа выставілі абвінавачванне па справе аб засакрэчаных дакументах
Дональд Трамп / Reuters
Супраць былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа афіцыйна выстаўлена абвінавачванне па крымінальнай справе аб засакрэчаных дакументах, якія знайшлі ў яго рэзідэнцыі ў жніўні 2022-га. 13 чэрвеня ён мусіць з'явіцца ў будынак федэральнага суда ў Маямі. Тады і стануць вядомыя артыкулы, па якіх абвінавачваецца Трамп. Яму вызначаць і меру стрымання.
Па даных The New York Times, у абвінавачванні сем эпізодаў. Сярод іх — хлусня пад прысягай і змова з мэтай перашкодзіць правасуддзю.
Дональд Трамп заявіў, што не адчувае за сабой ніякай віны, а яго пераследуюць па палітычных матывах.
У красавіку 2023-га Трампа ўжо абвінавацілі ў фальсіфікацыі бізнес-справаздачнасці. Чакаецца, што суд па гэтай справе пачнецца ў наступным годзе.
Дональд Трамп быў прэзідэнтам ЗША ў 2017-2021 гадах і мае намер зноў пазмагацца за прэзідэнцкую пасаду. Эксперты ў галіне права мяркуюць, што цяперашнія абвінавачванні не змогуць абмежаваць яго магчымасці па ўдзелу ў перадвыбарнай гонцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.