Супрацоўнікі рыбакамбіната "Сталічны" ходзяць у ламбард, каб выжыць
Скрын відэа з ЦікТок, якое запісалі супрацоўнікі рыбакамбіната "Сталічны"
На мінскім рыбакамбінаце "Сталічны" ўжо 5 месяцаў не плацяць зарплату. Не дабіўшыся праўды ад пракуратуры і не дачакаўшыся лістоў з Адміністрацыі прэзідэнта супрацоўнікі вырашылі дагрукацца да Лукашэнкі праз TikTok.
Па іх словах, заробкаў яны не бачылі ажно з верасня мінулага года, а з 8 студзеня завод увогуле прастойвае. Людзі не могуць аплаціць камуналку, купіць прадукты і лекі. Некаторым нават даводзіцца ісці ў ламбард, каб закласці золата. Пры гэтым звольніцца супрацоўнікам таксама не даюць і пагражаюць, што калі яны сыйдуць, то не атрымаюць ніякіх выплат.
"Мы не працуем, мы не зарабляем. У нас няма нават на кавалак хлеба... Нас пастаянна адусюль выкідваюць. Мы чуем абяцанні, ёсць разуменне, разуменне і больш нічога. Мы гэтага разумення паўгода чакаем. І ніяк. Ніхто не рэагуе", — скардзяцца супрацоўніцы камбіната.
Напрыканцы снежня Еўрарадыё пісала, што Мінскі завод "Сталічны" злавілі на перапродажы ў Расію французскай рыбы. Яшчэ да гэтага Рассяльгаснагляд знаходзіў "беларускую" рыбу, якая паходзіла з Фінляндыі і Фарэраў. Расійскі бок паведаміў, што дазволу на ўвоз рыбы з гэтых краін Беларусь не атрымлівала. Таму прасіў Мінсяльгасхарч спыніць сертыфікацыю "Сталічнага".
Відаць, што нават кантрабадная рыба не дапамагла "Сталічнаму" застацца на плаву. А людзі вымушаныя шукаць дапамогі ў тых, хто сам давёў іх да такой сітуацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.