Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)

Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)

У казахстанскім горадзе Актабэ на поўначы краіны, непадалёк ад мяжы з Расіяй уведзенае надзвычайнае становішча: не працуюць гандлёвыя пункты і грамадскі транспарт.

Інфармацыя аб узброеных сутычках у Актабэ з'явілася ў нядзелю, 5 чэрвеня. Яна дагэтуль неадназначная і няпоўная. Міністэрства ўнутраных спраў інфармуе аб падзеях вельмі абмежавана.

 

Што вядома

У нядзелю ў 14.30 некалькі чалавек напалі на краму са зброяй ў горадзе Актабэ. Яны забілі прадаўца і ахоўніка, а таксама паранілі траіх паліцэйскіх, якія прыбылі на месца перастрэлкі. Пасля гэтага нападнікі паехалі ў яшчэ адну краму са зброяй, якую таксама абрабавалі. Далей падзеі развіваліся яшчэ больш імкліва і незразумела. Узброеныя людзі захапілі аўтобус, пратаранілі ім браму вайсковай часткі і пачалі расстрэльваць салдат. Далейшы лёс злачынцаў пакуль незразумелы. Вядома, што ў страляніне на тэрыторыі часткі загінула "некалькі чалавек". Інфармацыйныя рэсурсы Казахстана дублююць паведамленні МУС, інфармацыі ад відавочцаў няма. Жыхарам горада не рэкамендавалі выходзіць на вуліцы. У Актабэ аб'яўлена аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі.

Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)

Што пакуль невядома

Хто нападнікі. Афіцыйна паведамляецца, што яны належаць да "радыкальных нетрадыцыйных рэлігійных плыняў". Неафіцыйна гаворыцца пра тое, што тэрарысты належаць да групы, звязанай з так званай "Ісламскай дзяржавай". Ёсць таксама версія, што гэта прарасійскія сепаратысты. Невядома таксама, колькі чалавек ужо загінула ад дзеянняў тэрарыстаў. Афіцыйна пацверджаная смерць як мінімум дзвюх грамадзянскіх асобаў (прадаўца і ахоўніка з першай абрабаванай злачынцамі крамы). Раніцай панядзелка 6 чэрвеня з'явіліся афіцыйныя паведамленні аб ліквідацыі як мінімум 5 тэрарыстаў. Невядома таксама, колькі чалавек было паранена падчас перастрэлак. Аднак іх колькасць ідзе на дзясяткі — толькі на тэрыторыі вайсковай часткі тэрарысты змаглі параніць 13 вайскоўцаў.

Сутычкі ў Казахстане. Што вядома на дадзены момант (фота, відэа)

Наколькі рэальная версія аб прарасійскіх сепаратыстах?

На карысць гэтай версіі гаворыць тое, што сучасны Актабэ — адзін з найбольш "рускіх" вялікіх гарадоў Казахстана. Былы Акцюбінск (горад перайменавалі пасля атрымання Казахстанам незалежнасці) — адзін з самых вялікіх гарадоў краіны (амаль 400 тысяч насельніцтва), пры гэтым лагістычна ён нашмат больш цесна звязаны з гарадамі Расіі, чым Казахстана. Таксама тут размешчаныя нафтавыя радовішчы, колькасць насельніцтва, якое афіцыйна называе сябе рускімі, — больш за 16%.

Версію аб прарасійскіх сепаратыстах актыўна абмяркоўваць украінскія СМІ. У той жа час медыя Казахстана пакуль не выкарыстоўваюць такіх тэрмінаў. Расійскія сродкі масавай інфармацыі дублююць паведамленні казахскіх калег.

 

Фота з сацыяльных сетак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі