Сваякі забітых на вуліцы Гая не змогуць атрымаць поўную кампенсацыю?
Сын Юліі і Андрэя Нізавых, якія загінулі ў ДТЗ праз вар’ята, канстатуе, што пакуль яму не пералічылі ні рубля.
Прысуд па трагічным здарэнні на мінскай вуліцы Гая абвясцілі ў сярэдзіне ліпеня. Эдуарда Шалкевіча, які на “Аўдзі А8” пратараніў стары легкавік сямейнай пары Нізавых, прызналі адначасова і вінаватым, і неадэкватным. Ён змешчаны на прымусовае лячэнне. Блізкім пацярпелых павінная быць сплачаная кампенсацыя ў 708 мільёнаў рублёў.
“Нікому яшчэ нічога не выплачана. Гэта працэс не надта хуткі. Добраахвотна суд абавязаў зрабіць гэта цягам месяца (да сярэдзіны жніўня — Еўрарадыё)”, — канстатуе Аляксей Нізаў, сын загінулых Юліі і Андрэя.
Жонка Эдуарда, які парэзаў дзяцей: Не разумею, што з ім адбылося (фота)
Аднак ці атрымаюць пацярпелыя прызначаныя судом грошы — вялікае пытанне. Вядома, што ў Эдуарда Шалкевіча канфіскавалі рахункі ў банку і пэўную маёмасць.
“Гэта фота і відэатэхніка, камп’ютары, тэлевізар і іншае. Маёмасць, нажытая ў шлюбе, сумесная. Аддаць мне ўсё яны не могуць. І ад маёмасці, і ад банкаўскіх рахункаў палова належыць жонцы. Плюс яна таксама пацярпелая”, — кажа Аляксей.
Сям'я асуджанага здымала паверх у гэтым доме
Выглядае, што Эдуард Шалкевіч не меў такой маёмасці, якая магла б пакрыць кампенсацыю ў 708 мільёнаў. Яго сям’я жыла ў здымным доме. Вядома, што аўтамабіль жонкі не канфіскавалі. “Аўдзі А8”, на якім мужчына ўчыніў жахлівае ДТЗ, сёння каштуе менш за 300 мільёнаў. Гэта ў добрым стане. Разбітая ўшчэнт машына, зразумела, ацэньваецца ў разы танней. Вялікіх грошай на банкаўскіх рахунках у асуджанага не было. А канфіскаваная бытавая тэхніка, якая была ў карыстанні, — гэта таксама кропля ў моры. Помніцца нядаўняя гісторыя, калі два амаль новыя ноўтбукі, планшэт, тэлефон і DVD-прайгравальнік мінскага “SMS-мінёра” ацанілі менш як у 2 мільёны рублёў.
Нават калі мужчына выйдзе з псіхіятрычнай клінікі ў найбліжэйшыя гады, наўрад ці ён зможа хутка аплаціць кампенсацыю. Ды і традыцыйная інфляцыя беларускага рубля можа ператварыць прызначаную судом суму ў нішто.
Такая "Аўдзі А8", на якой Шалкевіч учыніў ДТЗ, сёння каштуе менш за 300 мільёнаў. Разбітае аўто ацэньваецца ў разы менш.
Міністэрства юстыцыі паведамляе Еўрарадыё, што па стане на сярэдзіну ліпеня прысуд у дачыненні да Эдуарда Шалкевіча ў тэрытарыяльныя органы прымусовага выканання не паступаў.
“У сувязі з чым Мінюст якіх-небудзь каментарыяў даць не можа”, — пазначана ў адказе на зварот.
Вольга, жонка асуджанага, таксама не раскрывае дэталі, якім чынам сям’я загінулых атрымае кампенсацыю:
“Ад мяне гэтая сума не асабліва і залежала. Суд прысудзіў — я згодная”.
Нагадаем, што гучнае здарэнне на вуліцы Гая адбылося летась у лістападзе. Спачатку неадэкватны мужчына парэзаў нажом жонку і малых сына з дачкой. Потым выйшаў у майцы і трусах на двор, сеў у “Аўдзі А8” і на шалёнай для горада хуткасці пратараніў старэнькую “Аўдзі-100”, у якой загінулі Юлія і Андрэй Нізавы і іх сабака. Сам неадэкватны кіроўца практычна не атрымаў траўмаў: ехаў у надзейным аўтамабілі бізнес-класа. Ён цэлым выйшаў з машыны і далей пашыбаваў па вуліцы Гая.
Вядома, што за дзень да здарэння мужчына прыходзіў у садок па дзіця. Там ён дэманстраваў нож і патрабаваў не глядзець у вочы. Пра гэта прасігналізавалі ў міліцыю. Але людзі ў пагонах не знайшлі Шалкевіча. За гэта, дарэчы, нікога не пакаралі. Праўда, і сын загінулых на міліцыю не наракае, як і не хвалюецца сёння наконт кампенсацыі. Аляксея Нізава турбуе іншае:
“Лічу, што яму (асуджанаму, — Еўрарадыё) не павінна сысці з рук тое, што парэзаў жонку, маленькіх дзяцей і забіў двух чалавек. Лічу, ён павінен знаходзіцца не ў медлякарні, а ў сапраўдных месцах пазбаўлення волі”.