Святлана Ціханоўская стала лаўрэаткай прэміі Анны Лінд

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская стала лаўрэаткай прэміі Анны Лінд за 2023 год. Гэтая прэмія традыцыйна ўручаецца за "адвагу ў барацьбе з абыякавасцю, перадузятасцю, прыгнётам і несправядлівасцю, за добрае жыццё для ўсіх людзей у навакольным асяроддзі, павагу да правоў чалавека".

"Святлана Ціханоўская ўзяла на сябе ні з чым не параўнальную адказнасць, калі, рызыкуючы ўласнай бяспекай, пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе ўзначаліла народныя пратэсты за дэмакратыю", — заявіла старшыня Фонду Анны Лінд Лена Х'ельм-Вален. Яна таксама адзначыла, што Святлана Ціханоўская працягвае барацьбу і стала сімвалам свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. "За гэта яна атрымлівае прыз Анны Лінд у 2023 годзе", патлумачыла старшыня фонду.

Прэмія будзе ўручаная на цырымоніі ў Стакгольме 11 верасня, у гадавіну гібелі Анны Лінд. Лінд была міністрам замежных спраў Швецыі, узначальвала МЗС з 1998 і да смерці ў 2003 годзе, была актыўнай прыхільніцай пашырэння ЕС і выказвалася за ўступленне Швецыі ў Еўрапейскі саюз і ў зону еўра.

10 верасня 2003 года на яе быў здзейснены замах. У супермаркеце ў цэнтры Стакгольма невядомы нанёс ёй некалькі нажавых удараў і ўцёк. Анна Лінд памерла на наступны дзень у бальніцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі