Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускіх вайскоўцаў
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
З просьбай не выконваць злачынных загадаў звярнулася да беларускіх вайскоўцаў Святлалана Ціханоўская. Падставай для такога звароту стала абвяшчэнне частковай мабілізацыі ў Расіі. У сувязі з гэтым палітык задалася пытаннем, "ці ўцягнуць два дыктатары ў гэтую крывавую бойню беларусаў".
"Ні беларускае войска, ні беларускае грамадства не падтрымліваюць вайну супраць Украіны. У беларусаў ніколі не было імкнення да гвалту або амбіцый заваёўваць чужыя тэрыторыі", — адзначыла Ціханоўская. У сувязі з гэтым яна і заклікала беларускіх вайскоўцаў, а таксама ўсіх, хто можа трапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе абвяшчэння, не выконваць злачынных загадаў.
"Не выходзьце на сувязь з ваенкаматамі, калі яны спрабуюць знайсці вас, калі трэба, часова змяніце месца жыхарства, паспрабуйце забяспечыць сваю бяспеку. Калі бачыце, што пачалася падрыхтоўка да мабілізацыі, — паведамляйце пра гэта медыя і актывістам", — папрасіла Святлана Ціханоўская. Яна падкрэсліла, што "ніводзін беларус не павінен паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі".
Сёння раніцай прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў у сваёй краіне частковую мабілізацыю. Паводле словаў расійскага міністра абароны Сяргея Шайгу, прызваць плануюць 300 тысяч рэзервістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.