Сяброўка памерлай брэстаўчанкі: У медцэнтры хацелі ўсё выправіць самі
Еўрарадыё пагутарыла з сяброўкай памерлай Ірыны Тромзы.
Сняжана распавяла, што дзяўчына звярнулася ў медцэнтр, бо не магла зацяжарыць.
Сняжана: "Яна не магла зацяжарыць і пайшла ў Ладэ. Ёй увялі ўкол, і пасля гэтага ёй стала кепска. Яны спачатку самі спрабавалі ўсё зрабіць. А ў выніку "хуткую" выклікалі, думаю, толькі праз две гадзіны".
Як паведамляла Еўрарадыё, 21-гадовая Ірына Тромза памерла 20 траўня пасля візіту ў медцэнтр "ЛАДЭ" ў Брэсце. Верагоднай прычынай смерці называюць анафілактычны шок.
"Гэта будзе разгалошванне ўрачэбнай таямніцы і я не магу нічога распавядаць пра пацыяента", — сказаў Еўрарадыё галоўны ўрач Брэстскай бальніцы хуткай дапамогі.
Каментаваць інфармацыю, пра тое, што ў медцэнтры выклікалі хуткую толькі праз 2 гадзіны, ён не стаў, але сказаў, што "гэта не так".
"Усе званкі зафіксаваныя, час прыезду зафіксаваны ва ўсіх. І гэтым займаецца Следчы камітэт", — сказаў Еўрарадыё галоўны ўрач.
Фота Ірыны Тромзы з сацыяльных сетак