Доктар, якая аказвала дапамогу памерлай дзяўчыне, мае ўласную краму
Акушэр-гінеколаг патлумачыла Еўрарадыё, што Ірыне Тромзе “аказвалі штосекундную дапамогу”. Пра ўведзены прэпарат медык маўчыць.
Еўрарадыё ўдалося адшукаць акушэра-гінеколага, якая мае дачыненне да трагічнага здарэння ў брэсцкім філіяле медцэнтра “ЛАДЭ”. Нагадаем, што 21-гадовая пацыентка Ірына Тромза памерла пасля прыёму. Як паведамляецца, ад “анафілактычнага шоку”. Хутчэй за ўсё арганізм такім чынам адрэагаваў на нейкі лекавы прэпарат.
“Мы ўдваіх з доктарам аказвалі неадкладную дапамогу. Неадкладныя мерапрыемствы былі аказаныя штосекундна, — кажа Еўрарадыё доктар. — Я пакуль адмаўляюся гэта каментаваць, звяртайцеся да адміністрацыі “ЛАДЭ”, — акушэр-гінеколаг унікла размовы з журналістам, спаслаўшыся яшчэ і на тое, што не можа размаўляць падчас кіравання аўтамабілем.
Таксама доктар праігнаравала пытанне, які прэпарат быў уведзены дзяўчыне і ці апытвалі Ірыну Тромзу наконт магчымых алергічных рэакцый.
Вядома, што практыку доктар распачала ў 2006 годзе, адразу пасля заканчэння Гомельскага медуніверсітэта. Жанчына павышала кваліфікацыю на майстар-класах і курсах у Маскве і ў Беларусі. Водгукі на форумах пра яе станоўчыя.
Але, як стала вядома Еўрарадыё, доктар не аддае ўвесь вольны час медыцыне. Яна ўзначальвае…інтэрнэт-краму па продажы беларускага трыкатажу. Кантора мае філіял не толькі ў Брэсце, але і ў Маскве.
У краме Еўрарадыё пацвердзілі, што доктар сапраўды кіруе крамай. Ведаюць тут і пра трагічны выпадак з пацыентам у брэсцкім медцэнтры.
Еўрарадыё: Яна ў вас толькі намінальны дырэктар ці сумяшчае сваю дзейнасць з бізнесам?
Інтэрнэт-крама: “Гэта няважна. Па дадзеным пытанні мы нічога каментаваць не можам. Вас цікавіць урачэбная дзейнасць, таму звяртайцеся ў “ЛАДЭ”.
У прэс-службе Мінздароўя цікавімся, ці нармальная гэта з’ява для беларускай медыцыны, калі дактары паралельна займаюцца бізнесам. Ці не замінае гэта медыкам у плане прафесійнага развіцця?
“Мне складана гэта каментаваць. Хутчэй гэта юрыдычныя пытанні, — адказвае Вольга Бартман, прэс-сакратар Мінздароўя. — Але маё меркаванне такое, што доктару складана чымсьці займацца паралельна”.
Пытанні прафесійнага ўзроўню дактароў у “ЛАДЭ” і ці можа тут быць нейкая сувязь з якасцю аказання меддапамогі, разгледзяць падчас службовай праверкі ва Упраўленні аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.
“Следства даручыла правесці гэтую праверку. Падчас яе могуць закранацца пытанні і аб кваліфікацыі, і аб адукацыі. Гэта можа паўплываць непасрэдна на нашу праверку па факце смерці дзяўчыны, — тлумачыць Руслан Макарук, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. — Мы ж ацэньваем сітуацыю з пункту гледжання закона, даследчай праверкі з мэтай высвятлення прычыны смерці дзяўчыны. Ужо вынятыя меддакументы, лекавыя прэпараты, якія выкарыстоўваліся падчас даследавання. Будуць вывучаныя ўсе магчымыя абставіны”.