Сямашка: Беларуссю і РФ вырашаецца задача стварэння адзінага парламента і ўрада
Беларусь і Расія працягваюць узгадненяць "дарожныя мапы" па далейшай інтэграцыі і паралельна дамаўляюцца пра кошты на энерганосьбіты ў 2020 годзе. Пра гэта амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка распавёў на палях ХIV міжнароднай канферэнцыі "Еўразійская эканамічная інтэграцыя" ў Маскве.
"Гэта пераход на ўніфікаванае падатковае заканадаўства, стварэнне адзіных рынкаў нафты, газу і электраэнергіі, стварыць адзіны парламент і ўрад з пэўнымі паўнамоцтвамі, калі незалежныя Расія і Беларусь аддаюць наверх пэўныя кіраўнічыя функцыі з абавязковым выкананнем. Такая задача зараз вырашаецца", — перадае словы амбасадара партал TUT.by.
Ён дадаў, што абсалютна ўзгодненыя 20 з 31 "дарожнай мапы". Дарэчы. такую ж лічбу больш за тыдзень таму называў прэм'ер-міністр Сяргей Румас пасля сустрэчы з расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым.
Па словах Сямашкі, зараз працягваюцца пошукі кансенсусу, але апошняе слова будзе за кіраўнікамі дзяржаў.
Амбасадар растлумачыў, што ў "дарожных мапах" прадугледжана стварэнне адзіных рынкаў з 2021 года, але пры гэтым узнікае "праблема 2020 года", на які няма кантрактаў і дамоваў.
Сямашка нагадаў, што цяпер цана газу ў Смаленскай вобласці ўдвая ніжэйшая, чым у Беларусі. А між тым газ — ключавая сыравіна для выпуску электраэнергіі, аснова сабекошту ўсёй беларускай прадукцыі. Перамовы з кіраўніком "Газпрама" Аляксеем Мілерам на гэты конт Сямашка пракаментаваў так: "Вядома, у нейкіх пытаннях зблізілі пазіцыі, у іншых пытаннях — пакуль не. Больш нічога не магу сказаць. Пазіцыі зблізяцца, але не сёння".
Ён выказаў надзею, што газавы кантракт паміж Беларуссю і Расіяй будзе падпісаны да 31 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.