Сяргей Чалы: Эканоміка у больш раўнаважным стане, чым летась
“Белпартызан” паведаміў пра паседжанне Нацбанка, на якім казалі пра наступствы павышэння заробка, сярод якіх – магчымая дэвальвацыя. Эканаміст каментуе артыкул.
Гутарку цалкам можаце слухаць тут:
Еўрарадыё: Чаго будзе каштаваць беларусам павышэнне заробкаў да 500 долараў? Ці не здарыцца новая дэвальвацыя?
Сяргей Чалы: Cярэдні заробак ужо і так не надта адрозніваецца ад 500 долараў, у Мінску гэта 480 долараў. Так што, да святой для ўладаў лічбы засталося няшмат. З іншага боку, само выкарыстанне тэрміну “дэвальвацыя” не вельмі карэктнае. Мы прывыклі, што дэвальвацыя праводзіцца ўладамі ў рэжыме спецаперацыі – рэзкае адміністрацыйнае змяненне курса нацыянальнай валюты. На дадзены момант такое немагчыма, бо з сярэдзіны верасня курс беларускай валюты у нас плавае і ўсталёўваецца не адміністрацыйна, а праз попыт і прапанову ў нас.
Зразумела, што калі высветліцца што адміністратыўнае стымуляванне росту даходаў прывядзе да таго, што даходы стануць большымі, чым эканоміка можа сабе ў дадзены момант дазволіць, то праз некаторы час – ад чатырох да сямі месяцаў – курс беларускага рубля скарэктуецца настолькі, што даходы ў доларавым эквіваленце будуць зноў такімі, якімі былі б без умяшальніцтва ўладаў. Але ў кожным выпадку гэта не можа быць кастрычнік, бо у гэтага працэсу дастаткова доўгі перадатачны механізм. Спачатку людзі атрымліваюць на рукі даходы, потым яны праяўляюць павышаны попыт на імпарт, потым – памяншэнне канкурэнтаздольнасці нашага экспарту ўплывае на знешнія патокі, на рух валюты на біржы, і толькі тады ўсё тое, што было лішнім.
Еўрарадыё: У паведамленні, апублікаваным “Беларускім партызанам”, гаварылася і пра тое, што ў якасці мер кантролю над сітуацыяй разглядалася пытанне замарозкі ўкладаў і абмежаванні на зняцце наяўных у банкаматах? На вашу думку, ці рэальнае прымяненне такіх мер у Беларусі?
Сяргей Чалы: У артыкуле сабраныя ўсе страшылкі, якімі можна паспрабаваць напалохаць насельніцтва. Абмежаванні на зняцце наяўных ў нас былі, але да замарожвання ўкладаў нават тады не дайшло. Тым больш, няма сэнсу рабіць гэта цяпер, бо асноўная задача Нацбанку - вяртаць давер да нацыянальнай валюты. Пасля таго, што рабілася ў мінулым годзе, гэта вельмі складаны працэс, працяглы, менавіта таму ў нас адсоткавыя стаўкі па ўкладах да гэтага часу высокія ў параўнанні з інфляцыяй. Абмяркоўваць такія дзеянні ў цяперашняй сітуацыі – вар’яцтва і самазабойства.
Еўрарадыё: На вашу думку, ці можа такі “ўкід” у СМІ неяк паўплываць на тое, што зноў пачнецца ажыятажны попыт на прадукты і валюту?
Сяргей Чалы: Я думаю, што на гэта і было разлічана, такіх укідаў было шмат, а зараз акурат прыдатны час. Адкуль узяўся кастрычнік? Бо пройдуць выбары. Нейкае праўдападабенства павінна ж быць у такім спавяшчэнні. Спасылка ідзе на прэзідэнцкія выбары, зараз быццам тое самае – спрабуем павышаць даходы. Але мы забываем пра галоўнае – у 2010 годзе ў нас быў фіксаваны курс беларускага рубля і ён адсоткаў на 25 быў завышаны . зараз ён раўнаважны і нават мы бачым што Нацбанк яго стрымлівае ад залішняга ўмацавання. Да таго ж, у 2010 годзе апроч палітыкі даходаў, былі яшчэ планы па дасягненні да выбараў 11 адсоткаў росту ВУП. Прычым, метады, якімі імкнуліся гэтага дасягнуць, – былі дырэктыўныя крэдытаванні, пераважна – ільготныя. У выніку Нацбанк гэтыя грошы ствараў з паветра.
Цяпер эканамічны рост менш за тры адсоткі і ніхто не збіраецца вяртацца да практык 2010 года. І нават калі глядзець на дзяржаўныя інвестыцыі, за кошт якіх забяспечваўся адміністратыўны рост эканомікі ў папярэднія гады, то мы бачым, што першая палова 2012 года ў параўнанні да 2011 – гэта мінус 20% у супастаўляльных цэнах. Гэта сур’ёзнае падзенне, гэта кажа пра тое, што скарачэнне ўнутранага попыту і прыватнага, і дзяржаўнага адбываецца, і наша эканоміка цяепр у значна больш раўнаважным стане, чым у мінулым годзе, і любыя крокі ўлады будуць плаўна кампенсавацца зменамі курса, калі яго не будуць змяняць рукамі. А прыдумляць розныя жахі ў выглядзе правядзення яшчэ адной дэвальвацыі ці замарожвання ўкладаў – гэта не мае дачынення да таго, што цяпер адбываецца.
Спрабаваць стварыць ажыятаж можна ў любы момант, але гэта – як спрабаваць піхаць плячом дрэва. Калі яно не падпілаванае ці не гнілое – яно не паваліцца. Калі ўлады спрабавалі вінаваціць міфічную пятую калону, блогераў, журналістаў, замежнікаў – паводзіны людзей, якія спрабавалі прыстроіць беларускія рублі, скупалі мерныя зліткі, дарагую тэхніку, прадукты з працяглым тэрмінам захоўвання, алей скупалі. Ёсць розніца паміж прычынай і нагодай. Лавіна сходзіць не таму, што хтосьці крыкнуў ці стрэліў, а таму што снегу многа было. Калі снегу няма – можаш крычаць і страляць, лавіны не будзе. Мы цяпер у гэтай сітуацыі. Можна спрабаваць стварыць панічныя чуткі, але калі няма аб’ектыўных прычын для таго, каб штосьці здарылася з эканомікай, то нічога і не здарыцца.