Сяргей Калякін будзе вылучацца кандыдатам у прэзідэнты ад сваёй партыі

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" плануе вылучыць кандыдатам у прэзідэнты свайго старшыню Сяргея Калякіна, інфармуе БелаПАН. Удзел у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах партыя будзе абмяркоўваць на справаздачна-выбарным з'ездзе 23-24 траўня ў Мінску.

Па словах намесніка старшыні партыі Валерыя Ухналёва, кандыдатуру Калякіна абмеркаваў і ўхваліў 26 красавіка пленум ЦК партыі. Ухналёў кажа, што пры бязмежным ціску з боку ўлады партыя можа прыняць рашэнне аб выхадзе з кампаніі.

Вось як пракаментаваў Еўрарадыё вылучэнне Калякіна сябра ЦК партыі Сяргей Вазняк:

“На сённяшні дзень з 7 абласных партыйных арганізацый 4 прынялі рашэнне, што Калякіну трэба ісці. Тры арганізацыі такога рашэння не прымалі, што не азначае, што яны супраць гэтага — яны не прынялі ніякага рашэння на гэты конт пакуль. Але гэта сведчыць, што адзінадушнага меркавання на гэты конт няма”.

Кандыдатуру Калякіна вырашана прапаноўваць без альтэрнатыўных варыянтаў.

Нагадаем, што пра свае прэзідэнцкія амбіцыі ўжо заявілі кіраўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Таксама кандыдатамі ў прэзідэнты хочуць вылучацца першая намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім і актывістка кампаніі "Гавары праўду!" Таццяна Караткевіч.

Дарэчы, партыя "Справядлівы свет" уваходзіць разам з АГП у кааліцыю "Талака".

Фота — pressball.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі