Сыцін: Пытанні Беларусі на Саміце ў Рызе, напэўна, стаяць на першым месцы
Што кажуць пра Беларусь на закрытым ад прэсы мерапрыемстве саміта Усходняга партнёрства, распавядае расійскі палітолаг Аляксандр Сыцін.
Еўрарадыё: Перад паездкай у Рыгу на саміт Усходняга партнёрства вы выклалі на сваёй старонцы ў сацсетках тэкст свайго будучага выступу. Там ёсць фраза: “Паколькі саміт гэты прысвечаны Беларусі”… Ён сапраўды прысвечаны Беларусі?
Аляксандр Сыцін: Безумоўна, тэма саміта шырэй. Але калі я гэта пісаў, то ў мяне перад вачыма была праграма мерапрыемства, якое праходзіла 19 траўня, і яно было прысвечана выключна Беларусі. Іншая справа, што, відаць, на просьбу беларускай дэлегацыі, туды не пусцілі нікога з журналістаў ― яно было закрытае для прэсы. Казаць сёння пра ўвесь саміт, яго скіраванасць на Беларусь ці не, я пакуль не гатовы. Бо прысутнічаў толькі на тым закрытым “беларускім” мерапрыемстве 19 траўня і на Форуме грамадзянскай супольнасці 20 траўня. Але скажу, што пытанні Беларусі вельмі актуальныя і, напэўна, стаяць на першым месцы. Я неаднаразова казаў і пісаў, што Беларусь сёння пад пагрозай павышанай небяспекі з пункту гледжання свайго суверэнітэту. І адпаведна павінна шукаць шляхі для максімальнай інтэграцыі з ЕС, шукаць падтрымкі на Захадзе.
Еўрарадыё: Для каго “пытанні Беларусі вельмі актуальныя і, напэўна, стаяць на першым месцы": для самой Беларусі, для ЕС, для Усходняга партнёрства, для Расіі?
Аляксандр Сыцін: Існуе вельмі дзіўная сітуацыя. З аднаго боку, Расія сёння робіць усё, каб запэўніць сусветную супольнасць, што ў расійска-беларускіх адносінах усё выдатна, што існуе і дзейнічае Саюзная дзяржава. І гэта атрымалася, бо цягам двух гэтых дзён я неаднаразова чуў выказванні, што Беларусь фактычна з’яўляецца часткай Расіі і прадстаўляе яе інтарэсы (карэспандэнт Еўрарадыё чуў такое ж выказванне ад прадстаўніка азербайджанскай дэлегацыі на Форуме грамадзянскай супольнасці ― Зміцер Лукашук). І беларускія эксперты вымушаныя былі гэтаму пярэчыць. І тая частка саміта, якую я ўжо бачыў, не спадабалася мне спробай змякчыць ацэнкі. Да сёння няма разумення, што эпоха суседства Еўрасаюза і краін Усходняга партнёрства з Расіяй скончылася. І што Віленскі саміт 2013 года быў апошнім самітам, калі магла ісці размова пра добрасуседства. Тое, што адбылося пасля анексіі Крыма і адбываецца на Данбасе, цалкам гэту старонку закрывае. І справа тут нават не ў тых людзях, якія цяпер сядзяць у Крамлі, а ў даўняй імперскай палітыцы Крамля. Разумення гэтага я тут не бачу. Трэці момант, які я агучваў тут, але так і не сустрэў разумення, што Усходняе партнёрства павінна набыць нейкія формы клопату пра бяспеку сваіх сяброў. У тым ліку і Беларусі.
Еўрарадыё: Мне казалі, што гэта традыцыя ― праводзіць такога кшталту мерапрыемствы ў закрытым для прэсы рэжыме. Але што ж там такога страшнага казалі: жорстка крытыкавалі кіраўніка Беларусі? Ці наадварот ― хвалілі?
Аляксандр Сыцін: Не ведаю наконт традыцыйнасці, але ўсіх папярэдзілі, што тое, што прагучыць на сустрэчы, не павінна дайсці да прэсы. Але па шчырасці, нічога асаблівага там не было. Адзінае, я быў здзіўлены тым, што не пабачыў у складзе беларускай дэлегацыі тых людзей, убачыць якіх разлічваў, не буду называць прозвішчы. І гэта мяне насцярожыла. Але беларусы гаварылі дастаткова крытычна пра ўладу. Праўда, не з “майданнага” пункту гледжання: што трэба ісці на Плошчу і валіць рэжым. Пра падтрымку Лукашэнкі… Так нават я казаў, што, на маю думку, інтэграцыйны патэнцыял не вычарпаны і што да размовы пра гэты патэнцыял неабходна вяртацца пасля выбараў. Іншымі словамі: калі Лукашэнка застанецца, то трэба глядзець, што ён будзе рабіць далей, калі ж раптам не застанецца ― глядзець, хто будзе. Але цяпер казаць пра неабходнасць любымі сродкамі супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі азначае спрыяць яго збліжэнню з Масквой, што нічога добрага ні Беларусі, ні Еўропе не прынясе.
Зразумела, што ў жніўні, калі неабходна будзе аддаваць 5 мільярдаў, Лукашэнка будзе рабіць пэўныя крокі ў бок Масквы ў надзеі атрымаць ад яе гэту суму. Ці пойдзе Крэмль на такое фінансаванне ― прадказаць немагчыма. Беларусы са свайго боку даказвалі, што ніякіх празаходніх крокаў Лукашэнка не робіць і рабіць не будзе, што ён самы прарасійскі палітык Беларусі. Вось пра гэта ў асноўным на сустрэчы 19 траўня і казалі ў Рызе.
Еўрарадыё: На чым базуецца ваша вера ў здольнасць Лукашэнкі да празаходніх крокаў?
Аляксандр Сыцін: Усе яго словы і дзеянні апошнім часам паказваюць, што такое змяшчэнне адбываецца. Зразумела, ціснуць аб’ектыўныя фактары: такія, як экспарт беларускай прадукцыі ў Расію. Але гэтак жа зразумела, што непрыемнасці ў беларускай эканоміцы справакаваныя расійскім крызісам. А калі Беларусь хоча ісці шляхам развіцця, то заходняму варыянту альтэрнатывы няма. Інакш яна стане прыдаткам паміраючай расійскай эканомікі.
Еўрарадыё: Рух у бок Захаду нібыта адбываецца, але статус беларускай дэлегацыі Лукашэнка ўзняць не захацеў: даслаў сюды міністра замежных спраў, а не прэм’ер-міністра!
Аляксандр Сыцін: Да жніўня Лукашэнка пастараецца не дражніць Маскву. Але крыўдна не тое, што ён не хоча дражніць Маскву, а тое, што ўсе баяцца гэта рабіць. І ўсе думаюць, што калі злодзею супраціўляцца, то ён вас абавязкова заб’е, а калі не супраціўляцца, то можа і не заб’е. Гэту філасофію падзяляе ўся еўрапейская супольнасць, але яна няправільная! Маўляў, ну, вось ён Крым захапіў і ўсё ― больш не будзе. Будзе! У якой форме і калі, не ведаю, але гэта непазбежна. Праўда, якія варыянты ў гэтай сітуацыі ў Лукашэнкі? Парваць з Расіяй? Ён сутыкнецца не толькі з жорсткай рэакцыяй Масквы, але і вялізным эканамічным крызісам. А еўрапейцы ў гэты час кажуць: “Вы самі нешта зрабіце, а мы паглядзім, чым і як вам у далейшым дапамагчы”. Гэта правільна, але ні ў Беларусі, ні ў Расіі няма магчымасці кардынальна нешта змяніць. “Мінскага майдана” я не бачу.
Еўрарадыё: Можа не дарэмна баяцца ўсе Крэмль дражніць – яшчэ Трэцюю сусветную справакуюць!
Аляксандр Сыцін: Не трэба бачыць у сённяшняй сітуацыі нейкае часовае памутненне Крамля. Калі вы паглядзіце на гісторыю Расіі з пункту гледжання яе знешняй палітыкі за апошнія гадоў 500, то ўбачыце, што перыяды пэўнай лібералізацыі, у тым ліку і ў галіне знешняй палітыкі, чаргаваліся з перыядамі рэваншызму і адраджэннем імперскай палітыкі. Сёння, пачынаючы ад выбарчай кампаніі Пуціна ў 2012 годзе, мы маем справу з абвастрэннем імперскай палітыкі. І спадзявацца на тое, што можна Уладзіміра Уладзіміравіча пераканаць ці што нехта, незадаволены яго палітыкай, заменіць гэты трэнд, не даводзіцца. Нават калі гэты трэнд зменіцца, то трэба разумець: пройдзе 5-7 гадоў і ён ізноў вернецца! Бо ідэя аднаўлення постсавецкай прасторы як мінімум, а як максімум ― прасторы Варшаўскай дамовы ці то праз “рускі мір”, ці то праз газавы шантаж, ці якія фінансавыя рэчы будзе заставацца.
Я не кажу, што заўтра танкі будуць у Рызе ці на Эльбе, я кажу, што пастаянна будуць вылазіць нейкія канфлікты. Ужо можна бачыць пэўныя прапагандысцка-экспертныя крокі ў гэтым кірунку адносна краін Балтыі.
Фота: Змітра Лукашука