Сын Мікалая Аляксеева і ФСБ пацвердзілі ягоную гібель у Карэліі
Мікалай Аляксееў (справа) падчас акцыі пратэсту
Гібель у Карэліі беларуса Мікалая Аляксеева ў каментары "Нашай Ніве" пацвердзіў ягоны сын Уладзімір.
Малады чалавек паведаміў, што ў морг паехала яго маці — жонка актывіста. Тэлефон у яе забралі супрацоўнікі ФСБ.
"У таты чацвёра дзяцей. Я — яго поўная копія. І быў яго любімчыкам. Мы з ім заўсёды былі разам. Тата быў выдатным чалавекам. Ён не мог у кагосьці стрэліць. Ëн быў глыбокім вернікам, пастаянна маліўся. Мы з ім разам у храм хадзілі", — распавядае 24-гадовы Уладзімір.
Тым часам ва ўпраўленні ФСБ па Рэспубліцы Карэлія журналістам "Медыязоны" на пытанне пра гібель Аляксеева адказалі: "Першы раз чую".
Пазней РІА "Новости" апублікавала відэа ФСБ, у якім паказанае забойства беларуса. Гаворыцца, што ён быў удзельнікам палка Каліноўскага.
Як распавядала Еўрарадыё, 6 сакавіка ў горадзе Аланец у Карэліі загінуў удзельнік беларускіх пратэстаў 49-гадовы Мікалай Аляксееў. Паведамлялася, што яго забілі супрацоўнікі ФСБ. Яны, нібыта, падазравалі нашага суайчынніка ў падрыхтоўцы тэракту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.