Сёлета “Рок за Баброў” апошні раз пройдзе на аэрадроме “Баравая”
Арганізатары фестывалю “Рок за Баброў” вырашылі змяніць месца яго правядзення: опэн-эйр штогод пашыраецца і аэрадром “Баравая” больш не здольны яго змяшчаць. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявілі арганізатары фэсту “Рок за Баброў” Аляксандр Косач і Руслан Старыкоўскі.
“Мы яшчэ не адпрацавалі сёлетні фэст, але ў нас ўжо праца па падрыхтоўцы “Рок за Баброў — 2020” на 40-50 % зробленая. Я зараз кажу пра падрыхтоўку адміністрацыйную, працу з пляцоўкай новай. Бо сёлета мы апошні раз на “Баравой” працуем — гэта пляцоўка нас ужо не змяшчае, нам няма куды расці. У 2020 годзе “Рок за Баброў” пройдзе 1 жніўня на аэрадроме “Ліпкі”. Гэта шыкоўная пляцоўка, вельмі маляўнічая. І што самае галоўнае — з дастатковай плошчай, каб арганізаваць і работу фуд-кортаў, і работу некалькіх сцэн. Мы прыходзім да гэтага, бо нам не хапае часу. Хочацца, каб на фестывалі было прадстаўлена некалькі музычных кірункаў адначасова. Ідзём да гэтага — глабалізуемся”, — кажа Аляксандр Косач.
Па словах Руслана Старыкоўскага, такое пашырэнне фэсту дасць магчымасць выступіць перад вялікай аўдыторыяй большай колькасці беларускіх гуртоў. Ужо зараз, кажуць суразмоўнікі Еўрарадыё, пачынае складацца лайнап наступнага фестывалю.
Нагадаем, сёлетні фестываль “Рок за Баброў” пройдзе 3 жніўня на аэрадроме “Баравая”. Сярод удзельнікаў фэсту Dlina Volny, Pancka Moc, Бакей, "Дай Дарогу!", "Ляпіс-98", "Мумий Тролль", Баста, 25/17, Little Big, "Порнофильмы" ды іншыя. Адзін з вядучых фестывалю — Юрый Дудзь.