Сёлета з ЦТ выдалілі восем чалавек
Падчас сёлетняга цэнтралізаванага тэставання з аўдыторый выдалілі восем чалавек, паведамляе TUT.by.
Найбольш парушальнікаў правілаў выдалілі з ЦТ па рускай мове — пяць чалавек. Такія выпадкі былі зарэгістраваныя ў Мінску, Мінскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Трох абітурыентаў выдалілі з тэсту па матэматыцы — у Мінску, Гомельскай і Брэсцкай абласцях.
Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк тлумачыць прычыны выдаленняў: "На тэставанні па рускай мове ўсе выдаленні былі з-за мабільных тэлефонаў. На матэматыцы двум абітурыентам давялося пакінуць аўдыторыі праз шпаргалкі, аднаму — за мабільны".
Ужо прайшлі тэсты па беларускай і рускай мовах, грамадазнаўстве, матэматыцы і біялогіі. Заўтра, 21 чэрвеня, абітурыенты будуць здаваць замежную мову.