Прысуд Андрэю Гайдукову вынясуць 1 ліпеня а 11-й гадзіне
Закрыты працэс праходзіць у Віцебскім абласным судзе.
23-гадовага Андрэя Гайдукова вінавацяць паводле двух артыкулаў: часткі 1 артыкула 14 — "Замах на злачынства" і часткі 1 артыкула 356 — "Здрада дзяржаве", інфармуе Радыё Свабода.
Нагадаем, што наваполацкі грамадскі актывіст, аператар "Нафтана" быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у лістападзе 2012 года. Па інфармацыі дзяржбяспекі, гэта адбылося, нібыта, падчас закладкі тайніка са звесткамі, цікавымі для замежных спецслужбаў. Ад пачатку хлопца звінавацілі ў "здрадзе дзяржаве". Ужо калі ішоў суд, старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што абвінавачанне можа быць змененае.
Учора стала вядома, што Іллю Багданава, сведку па справе Гайдукова, папярэдзілі: 27 чэрвеня для яго будзе апошнім працоўным днём. Ён працуе юрысконсультам юрыдычнага аддзела КУП "ЖКГ Наваполацка".
Фота — svaboda.org