Сёння ў Германіі праходзяць выбары. Яны пакажуць, ці паверне Еўропа направа

Бундэстаг / unsplash
Парламенцкія выбары праходзяць сёння ў Германіі на фоне падзення эканомікі і шэрагу смяротных нападаў у нямецкіх гарадах. У цэнтры ўвагі нямецкага выбаршчыка сёння будуць міграцыя і бяспека, і гэта можа забяспечыць рост папулярнасці правай партыі "Альтэрнатыва для Германіі".
"Альтэрнатыва для Германіі" хоча вывесці краіну з ЕС, адмяніць меры па барацьбе са змяненнем клімату, пабудаваць атамныя электрастанцыі, аднавіць газаправоды і адносіны з Расіяй, піша ВВС.
Вялікія шанцы заняць пост наступнага канцлера Германіі мае лідар кансерватыўнай партыі "Хрысціянскія дэмакраты" (ХДС) Фрыдрых Мерц. Але нават калі яго партыя набярэ большасць галасоў, верагодна, яму давядзецца ствараць кааліцыю з іншай партыяй. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Сацыял-дэмакратычная партыя, якую ўзначальвае дзейны канцлер Олаф Шольц.
Напярэдадні галасавання Мерц заявіў, што не можа быць і гаворкі пра кааліцыю з крайне правай партыяй "Альтэрнатыва для Германіі". Тым не менш, у АдГ на гэтых выбарах ёсць усе шанцы апярэдзіць па папулярнасці левацэнтрысцкую партыю Шольца. У такім выпадку крайне правыя стануць другой па папулярнасці палітычнай сілай у Германіі.
Паводле дадзеных апытанняў, каля 20% выбаршчыкаў перад днём выбараў яшчэ не вызначыліся, за каго будуць галасаваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.